Адзінаццацікласніца сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай Яна Філончык атрымала дыплом трэцяй ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры
Адзінаццацікласніца сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай Яна Філончык атрымала дыплом трэцяй ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
Дзяўчына расказвае, што беларуская мова і літаратура — яе любімыя прадметы з пятага класа. У алімпіяднай групе яна займаецца з сёмага класа. Гэтыя прадметы, па словах Яны, даюцца ёй лёгка. Дзяўчына прызнаецца, што ёй падабаецца вывучаць усё, што звязана з Радзімай: “Родная мова, літаратура, гісторыя роднага краю мне блізкія і цікавыя”.
— З пятага класа беларускую мову і літаратуру ў мяне выкладае любімая настаўніца Алена Аліеўна Смольская, — кажа Яна. — Да дзявятага класа я хацела паступаць на філалагічны факультэт, быць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, каб быць падобнай на Алену Аліеўну.
З цягам часу мэты змяніліся, і цяпер дзяўчына плануе паступаць на факультэт журналістыкі БДУ.
Яна расказвае, што падчас алімпіяды трэба было выканаць два заданні па літаратуры і напісаць водгук.
— Цяжкасцей з водгукам у мяне не ўзнікла, — кажа дзяўчына. — Мне падабаецца іх пісаць, бо трэба прадэманстраваць свой чытацкі вопыт. Я аналізавала верш Максіма Танка пра вайну, таму ў сваёй рабоце правяла паралелі з іншымі аўтарамі, якія пісалі на ваенную тэму: Васілём Быкавым, Анатолем Вярцінскім, Янкам Купалам.
Дзяўчына прызнаецца, што вельмі любіць чытаць ваенную прозу Васіля Быкава.
— Ён вельмі цікава пісаў пра вайну. Паколькі Быкаў сам ваяваў, ён імкнуўся данесці праўду пра той жахлівы час.
— Ці складанымі былі алімпіядныя заданні?
— У гэтым годзе алімпіяда была не вельмі складанай, — кажа Яна. — Нават члены журы, якія яе правяралі, сказалі, што ім прыемна было чытаць работы. Заданні былі пад сілу кожнаму, хто рыхтаваўся. Я вельмі люблю творчыя заданні. У гэтым годзе неабходна было прыдумаць назву зборніку і даць кароткую анатацыю.
Трэцяе месца на алімпіядзе не першае дасягненне ў скарбонцы Яны. Напрыклад, у лістападзе 2022 года дзяўчына атрымала Дыплом трэцяй ступені на абласным конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў па вучэбных прадметах “Крыштальная Альфа”. Спадзяёмся, што ў будучым Яна будзе папаўняць спіс сваіх дасягненняў.
Сяргей СТОЛЯР
Фота з архіва Яны Філончык