Гавораць удзельнікі свята «Гонар і пашана па працы»
Актывісты грамадскіх аб’яднанняў
Юлія ЛІХУТА,
галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама,
намеснік старшыні Карэліцкай РА РГА «Белая Русь»:
— Я прадстаўляю на свяце тры пляцоўкі: турыстычную, спартыўную, «Белай Русі». Усе яны з’яўляюцца адлюстраваннем жыцця нашага раёна, у якім вялікая ўвага надаецца спорту, турызму і грамадскім аб’яднанням. Хацелася б, каб карэліччане праяўлялі больш ініцыятывы па дадзеных накірунках, актыўней удзельнічалі ў спартыўным жыцці раёна, бо гэта залог здароўя і актыўнага даўгалецця, больш падарожнічалі і знаёміліся са знакамітымі роднымі мясцінамі, іх гісторыяй, традыцыямі, культурай, мелі актыўную жыццёвую пазіцыю і ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці раёна.
Наталля АДАМЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па кадравай рабоце
ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці»,
намеснік старшыні РА РГА «Беларускі саюз жанчын»:
— Выставай мы хацелі звярнуць увагу ўдзельнікаў свята «Гонар і пашана па працы» на дзейнасць нашай грамадскай арганізацыі, на рахунку якой шмат карысных спраў. У полі зроку была і застаецца жанчына-маці, жанчына-працаўніца, жанчына-грамадскі дзеяч і, вядома, сям’я. Прымаем удзел у раённых мерапрыемствах і акцыях, са свайго боку стараемся ўшанаваць тых, хто заслужыў прызнання і павагі. Я на пасадзе намесніка старшыні РА РГА «Беларускі саюз жанчын» са студзеня бягучага года, але прыкладу ўсе намаганні, каб жыхары раёна больш ведалі пра нашу арганізацыю, а мы ў сваю чаргу будзем старацца іх падтрымліваць.
Ветэраны працы
Таццяна АРДА,
Герой Сацыялістычнай Працы, жыхарка райцэнтра:
— Як цудоўна, што мы дачакаліся такой значнай падзеі, і разам з маладым пакаленнем можам парадавацца за іх працоўныя дасягненні. Яны шчаслівыя, што выраслі пасля вайны і могуць працаваць і мацаваць свой дабрабыт і краіны ў цэлым. Калі бачу камбайны, сэрца замірае ад шчасця, — у нас будзе хлеб на стале. На заслужаным адпачынку пра нас, ветэранаў працы, праяўлецца клопат: плацяць пенсіі і віншуюць са святамі. Хочацца, каб у далейшым жылі пад мірным небам і каб заўсёды клапаціліся пра састарэлых. Гэтае свята дае падставу сцвярджаць, што мы ў надзейных руках.
Іван ШЛЫК,
ветэран працы, жыхар г.п. Карэлічы:
— Я прыйшоў на раённае свята «Гонар і пашана па працы» з вялікім задавальненнем. Раней даводзілася бываць на такіх святах па прафесійным абавязку, калі працаваў галоўным рэдактарам раённай газеты «Полымя». У душы вельмі ўдзячны за запрашэнне, а таксама — за вялікую ўвагу з боку мясцовай улады і раённай ветэранскай арганізацыі. А гэта вельмі добра, што пра чалавека працы не забываюць на заслужаным адпачынку. Парадаваўся за карэліччан, якія заўсёды ўмелі працаваць і праслаўлялі Карэліцкі раён сумленнай працай. А праца, як вядома, аснова з асноў жыцця. Так было і так будзе заўжды.
Перадавікі вытворчасці
Фёдар ЖУК,
дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Карэлічы-Лён»,
пераможца раённага спаборніцтва сярод арганізацый будаўніцтва, прамысловасці, транспарту, сувязі і сферы паслуг:
— Калі зайшоў у Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе праводзілася ўрачыстасць, то адчуў новыя павевы часу, што сведчыць пра тое, што мы развіваемся і глядзім наперад, ставім перад сабой задачы і дабіваемся вынікаў. У тым, што мяне запрасілі на раённае свята і наша арганізацыя ў ліку перадавікоў раёна, заслуга ўсяго калектыву, якім я кірую і вельмі ганаруся. Мы сумленна працуем, аналізуем дасягнутае, будуем планы на будучае, а поспех залежыць ад кожнага з нас. Усім жадаю моцнага здароўя, міру, дабра.
Занесены на раённую Дошку Гонару
Аксана ГОМЗА,
старшыня Цырынскага сельвыканкама:
— Занясенне на раённую Дошку Гонару — гэта стымул рухацца наперад, шмат працаваць дзеля задавальнення запытаў вяскоўцаў і іх жыцця. Сённяшняе свята ўразіла па-асабліваму: на Карэліччыне шмат працавітых і годных людзей, і гэта вельмі радуе, бо яны ствараюць дабрабыт для сябе і сваёй сям’і, і, дзякуючы іх руплівай працы, квітнее наша краіна. А выступленне ансамбля «Дразды» ўскалыхнула па-добраму душу — іх выканаўцы ў сваіх мелодыях заклікалі шанаваць родны край, а гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека, і яго немагчыма нічым замяніць.
Уладзіслава КЕРГЕТ,
вучаніца 7 «Б» класа сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы:
— Адчуваю прыемнае ўражанне ад таго, што занесена на раённую Дошку Гонару, і ад таго, што запрасілі на раённае свята «Гонар і пашана па працы». Я дабіваюся поспехаў у спорце, займаюся гандболам. Трэнерам з’яўляецца Тамара Уладзіміраўна Прохар, якой вельмі ўдзячна за яе ўрокі і падтрымку. Спорт у маім жыцці займае важнае месца, і гэтым я ганаруся.
Анастасія ЖАРКО,
вучаніца 8 «А» класа сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы:
— Я вельмі рада, што мае старанні заўважылі і змясцілі на раённую Дошку Гонару. А яшчэ я хачу адзначыць факт, што ў нашай школе шмат таленавітых вучняў. Таксама ўдзячна Тамары Уладзіміраўне Прохар за яе ўрокі па гандболе. Мы выступаем за Карэліччыну ў розных гарадах Беларусі. Спорт — гэта здорава, ён дысцыплінуе і патрабуе шмат працы над сабой.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ