Дзесяцікласнік з СШ № 1 райцэнтра Яраслаў Кандрусік стаў першым на адкрытай абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць”

Работа дзесяцікласніка з СШ № 1 райцэнтра Яраслава Кандрусіка “Заўжды на службе інтарэсаў Радзімы”, прысвечаная афіцэрам Карэліцкага раёна, стала першай на адкрытай абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць”, прысвечанай 77-й гадавіне перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Пры напісанні работы Яраслаў разам з кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхавання Аляксандрам Санчуком сустракаліся з афіцэрамі, занатоўвалі іх успаміны, якія і леглі ў аснову работы.

— Мы даўно падтрымліваем сувязь з афіцэрамі-ветэранамі, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч. — Пры падтрымцы былога начальніка аддзялення прызыву Карэліцкага раённага ваенкамата Вячаслава Іванавіча Дробнага мы сустрэліся са старшынёй Саюза афіцэраў Афганістана Васіліем Міхайлавічам Турам і старшынёй раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Алегам Пятровічам Сазановічам. Калі прыйшло палажэнне аб конкурсе, мы адгукнуліся, бо тэма вельмі цікавая. Я прапанаваў Яраславу, ён з задавальненнем згадзіўся. Мы сустракаліся з афіцэрамі, размаўлялі. Алег Сазановіч прыйшоў да нас у школу, прынёс шмат матэрыялу, свой дэмбельскі альбом, расказваў цікавыя гісторыі, рабяты былі вельмі зацікаўлены, слухалі ўважліва. А да Васілія Тура мы наведаліся ў госці. Ён падпісаў і падарыў нам кнігу пра воінаў-інтэрнацыяналістаў Гродзенскай вобласці, дзе напісана і аб ім таксама. Нам было цікава даведацца аб тым, чаму афіцэры вырашылі звязаць сваё жыццё з арміяй, як праходзіла іх служба, як яны трапілі ў Карэліцкі раён.

Сам Яраслаў кажа, што працаваць над матэрыялам было цікава. Асабліва змястоўнай аказалася гутарка з Васіліем Турам, які расказаў пра вайну ў Афганістане.

Для работы неабходна было сабраць як мага больш матэрыялаў пра членаў Беларускага саюза афіцэраў. Для гэтага Яраслаў з кіраўніком звярнуліся ў ваенкамат, дзе ім прапанавалі кандыдатуры. Сабраны матэрыял быў адпраўлены ў Гродна, дзе атрымаў першае месца ў намінацыі “Афіцэр — прафесія гераічная”.

Яраслаў прызнаецца, што лічыць сваю работу карыснай у першую чаргу для сябе. Юнак марыць стаць афіцэрам, выбірае паміж  Ваеннай акадэміяй і Акадэміяй МУС, таму яму карысна ведаць як мага больш пра сваіх землякоў у пагонах.

— Я думаю, што Яраславу гэтая тэма цікавая яшчэ і таму, што яго бацька — афіцэр МУС і старшыня ветэранскай арганізацыі, — дадае Аляксандр Санчук.

— Важна не забываць тых, хто стаяў на варце спакою ў нашай краіне. Гэтыя людзі — сапраўдныя патрыёты, і мы павінны вучыцца гэтаму ў іх, — лічыць Яраслаў.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара