У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі прайшоў  урок памяці «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд»

У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі прайшоў  урок памяці «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд» для вучняў 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы», які правёў намеснік пракурора Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын.

Што такое генацыд? Як адрозніць яго ад  зверства, што праяўлялі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія акупанты ў дачыненні да славянскіх народаў? Як прадухіліць яго? На гэтыя і іншыя пытанні паспрабаваў даць адказы супрацоўнік пракуратуры.

– Масавае, мэтанакіраванае знішчэнне народа як нацыі па палітычных, расавых, этнічных або рэлігійных матывах – ёсць генацыд, – распавёў Віктар Васільевіч. – І мы гэта бачым на прыкладах канцэнтрацыйных лагераў, гета, масавых расстрэлаў мірнага насельніцтва.  У мінулым годзе Генеральнай пракуратурай узбуджана крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў гады вайны. Як вядома, у рамках яго расследавання  выяўляюцца няўлічаныя раней факты   масавых знішчэнняў  і пахаванняў забітых фашыстамі мірных жыхароў. Увогуле ўжо праведзена больш за 400 аглядаў месцаў здарэнняў: лясны масіў Чанкоўскага лясніцтва Гомельскай вобласці, месцы масавага знішчэння мірных жыхароў на тэрыторыі Лагойскага раёна Мінскай вобласці, Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці і інш.

Пракурорска-следчай групай Карэліцкага раёна  праведзена 38 аглядаў, дапытана больш за сто сведкаў, якія валодаюць звесткамі аб фактах генацыду беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны, 37 асоб у якасці пацярпелых, сведак, законных прадстаўнікоў па фактах прымусовых работ  у Германіі, больш за 70 – па фактах спальвання вёсак і расстрэлу жыхароў у нашым раёне. Вывучаны і прааналізаваны больш за 40 архіўных крымінальных спраў аб здзяйсненні памагатымі фашысцкага рэжыму злачынстваў у дачыненні да мірнага насельніцтва.

Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ажыццяўляецца ўладкаванне месцаў пахавання і перапахавання выяўленых у ходзе расследавання астанкаў, а месцам знішчэння мірнага насельніцтва прысвойваецца прававы статус “гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання”.

Расследаванне генацыду з’яўляецца данінай памяці загінулым і спрыяе ўсталяванню і захаванню гістарычнай справядлівасці, служыць рэалізацыяй гістарычнай справядлівасці. Мы хочам не проста ўстанавіць маштабы трагедыі, а паказаць сапраўдны твар нацызму.

Да гутаркі далучылася  кіраўнік  музея  Ларыса Кузьміч, якая звярнула ўвагу вучняў на каштоўныя музейныя экспанаты, прысвечаныя  тэме генацыду. Паказала вучням фотаздымкі і расказала пра цяжкі лёс Марыі Прэснай, жанчыны, якая  ў гады Вялікай Айчыннай вайны была вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Ларыса Уладзіміраўна засяродзіла ўвагу  на медалі “Праведнік народаў свету”, які ў   студзені  перадаў музею Піліп Піліпавіч Богуш.  26 лістапада 2020 года ўзнагарода   пасмяротна  была прысуджана яго бацькам Ганне Аляксандраўне і Піліпу Іванавічу Богушам за аказанне медыцынскай дапамогі  савецкаму камісару ў 1941 годзе.

Гісторыя  – з’ява  цыклічная. І каб разумець, што адбываецца сёння ў той ці іншай краіне, трэба ведаць, што на гэтай тэрыторыі адбывалася сто гадоў таму. Тады многія рэчы становяцца на свае месцы. Ведаючы гісторыю чалавецтва, мы можам прадказаць наступствы, у асобных выпадках – растлумачыць тую рэальнасць, з якой сутыкнуліся. Трагедыю, якую перажыў беларускі народ у гады Другой сусветнай вайны, безумоўна,  павінны ведаць  дзеці. І менавіта праўду. Каб маглі сфарміраваць сваё ўласнае меркаванне аб тым, што добра, а што не. Тады мы зможам быць упэўненымі, што на нашай зямлі такое больш не паўторыцца.

Меркаванне ў тэму

Вучаніца 10 класа ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Мілана Кныш:

–  Мне вельмі спадабаўся сённяшні ўрок памяці. Ён літаральна расклаў сапраўдную гісторыю па палічках. Вялікая Айчынная вайна стала адной з самых трагічных падзей у гісторыі нашай краіны. Калі б не нашы дзяды, прадзеды і прапрадзеды, у нас бы не было гэтага мірнага неба над галавой. Падобнага роду мерапрыемствы важныя і патрэбныя, у іх заключаны асаблівы сэнс – неабходнасць берагчы гісторыю нашай краіны. Сёння вельмі важна памятаць і шанаваць  подзвіг нашых продкаў,  перадаваць памяць аб ім з пакалення ў пакаленне.

Вучаніца 10 класа ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Аляксандра Утлік:

– Мерапрыемствы такога фармату неабходныя ў сучаснай школе, бо яны спрыяюць  выхаванню самых галоўных якасцей, у тым ліку патрыятычныя каштоўнасці. Падрастаючае пакаленне павінна знаёміцца з гіторыяй не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час. Праца па захаванні гістарычнай памяці – гэта абавязак кожнага грамадзяніна. Таму тэма, якую асвяціў Віктар Васільевіч,  цікавая  і актуальная. На мой погляд, гэта вельмі важна, таму што мы не маем права забываць, праз што давялося прайсці  беларускаму народу.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара