Раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” ў рамках беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці” адбыўся ў Карэлічах

Раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, які праводзіцца ў рамках беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”, адбыўся ў Карэлічах.

Конкурс “Я патрыёт сваёй краіны” — гэта спаборніцтва юных і творчых, яркіх і ініцыятыўных падлеткаў, якія сваімі справамі праслаўляюць сваю малую радзіму.

Папярэдне канкурсанты павінны былі падрыхтаваць відэаролікі пра сваю малую радзіму і напісаць эсэ пра значнасць подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны “Пра тую вясну…”.

На вочным этапе конкурсу ўдзельніцы павіны былі расказаць пра сябе ў візітнай картцы, паказаць свае таленты ў творчым конкурсе “Я магу” і прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні “Памяць пакаленняў”, дзе неабходна было адказаць на пытанні, звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі.

Пад гучныя апладысменты гледачоў на сцэну падняліся ўдзельніцы конкурсу: вучаніца ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа” Карына Кот, Мілана Кудрыцкая з ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна”; Злата Марушка, вучаніца ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”; Аляксандра Утлік, вучаніца ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” і Паліна Ханько з ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай”.

Членамі журы раённага этапа конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” сталі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Аксіння Ждан, дырэктар Карэліцкага раённага Дома рамёстваў Юлія Баярэнка, загадчык дзяржаўнай установы “Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Наталля Ардзюк, метадыст загадчык дзяржаўнай установы “Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Ганна Кавалевіч, педагог дадатковай адукацыі дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Іна Гацкая.

— Вы ўжо пераможцы, вы ўжо лідары сваіх устаноў адукацыі, — звярнулася Аксіння Ждан да ўдзельніц конкурса. — Я хочу пажадаць вам поспехаў. Не хвалюйцеся, адважвайцеся, стварайце. Усяго вам самага найлепшага, няхай пераможа мацнейшы!

Першай з візіткай на сцэну паднялася Злата Марушка. Дзяўчына захапляецца маляваннем, займаецца кастамізацыяй адзення, любіць катацца на каньках і марыць стаць экспертам-крыміналістам.

— Я ва ўсім лідар. Вырашыла прыняць удзел у конкурсе, бо гэта выдатнае выпрабаванне сваіх лепшых якасцей, — расказала Злата.

На пытанне “хто такі патрыёт” дзяўчына адказала, што гэта чалавек адданы сваёй Радзіме, які любіць сваю краіну і робіць усё, каб яна развівалася ў лепшым накірунку.

Наступнай выступіла Аляксандра Утлік, якая мае шмат захапленняў, але галоўным лічыць літаратуру: дзяўчына кажа, што піша вершы і навелы, а яе эсэ пра патрыятызм было апублікавана ў зборніку “Люблю Радзіму”.

— Мне заўжды цікава прымаць удзел у розных конкурсах, спрабаваць сябе у нечым новым, — расказала Саша. — Гэта выдатны спосаб паказаць сябе і расказаць аб сваіх здольнасцях.

Дзяўчына лічыць, што патрыёт — гэта чалавек, які любіць сваю Радзіму не толькі на словах, але  гатовы даказаць гэта на справе.

Мілана Кудрыцкая захапляецца мастацкім чытаннем і марыць стаць актрысай. Акрамя гэтага, дзяўчына любіць баскетбол і бег, іграе на гітары. Мілана вырашыла прыняць удзел у конкурсе, бо гэта карысна для самаразвіцця:

— Патрыёт — гэта чалавек, які будзе верны краіне, у якой ён нарадзіўся, і не пакіне яе, — лічыць дзяўчына.

Наступная ўдзельніца Кот Карына цікавіцца спортам, гуляе ў валейбол у зборнай школы, а таксама выступае за каманду КСУП “Жухавічы”. Акрамя гэтага, дзяўчына з адзнакай скончыла музычную школу, любіць чытаць цікавыя кнігі, займаецца танцамі. У конкурсе прыняла ўдзел, каб даказаць, што яна з’яўляецца патрыётам:

— Мяне цікавіць лёс маёй краіны, — расказвае Карына.

Дзяўчына кажа, што патрыёт, на яе думку, гэта чалавек, які гатовы прыкласці намаганні дзеля дабрабыту сваёй Радзімы.

Апошняй пра сябе расказала Паліна Ханько. Дзяўчына любіць танцы, захапляецца літаратурай, чытае кнігі па псіхалогіі і творы беларускіх аўтараў. Паліна займаецца ў педагагічным класе і ўдзельнічае ў праекце БДПУ “Мэты ўстойлівага развіцця”.

— Пасля паездкі ў лагер “Зубронак” я зразумела, што ў мяне ёсць лідарскія задаткі. Захацела прыняць удзел у гэтым конкурсе, таму што, на маю думку, галоўная якасць удзельнікаў — лідарства.

Паліна кажа, што для яе патрыёт — гэта чалавек, які цэніць сваю адзіму. Дзяўчына прызнаецца, што яе маленькая радзіма, мястэчка Мір, з’яўляецца кропкай, якая натхняе і надае моцы.

У другім конкурсе ўдзельніцы паказалі свае таленты. Хтосьці танчыў, хтосьці чытаў вершы. Разам з канкурсанткамі на сцэне выступалі вучні іх родных школ.

Падчас трэцяга конкурсу ўдзельніцы паказалі свае веды, пісьмова адказваючы на пытанні пра архітэктуру, культуру, спартыўныя і культурныя дасягненні Беларусі.

Пасля таго, як журы падвяло вынікі конкурсу, на сцэну зноў падняліся ўсе ўдзельніцы.

— Сёння нельга вылучыць адну пераможцу, усе вельмі дастойна сябе паказалі, — сказала Юлія Баярэнка, якая выйшла павіншаваць канкурсантак.

Пераможцамі ў раённым этапе конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” сталі Карына Кот, Злата Марушка і Аляксандра Утлік. Іх заяўкі, эсэ і відэаролікі будуць накіраваны ў Гродна, дзе вырашыцца, ці змогуць дзяўчынкі прыняць удзел у абласным этапе праекта “Цягнік Памяці”.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара