Два пісьма на адну тэму. Карэліччанкі Лілія Кміт і Марыя Пашкевіч абмяркоўваюць артыкул Г. Калтуновай «Рыфмуюцца радкі на верацёнца лёсу і дораць захапленне нам»
У рэдакцыйнай пошце газеты «Полымя» сустрэліся два пісьма на адну тэму — водгукі на артыкул Галіны Калтуновай «Рыфмуюцца радкі на верацёнца лёсу і дораць захапленне нам» ( № 1, 06.01.2023 г.)
У сваім допісе ў рэдакцыю Лілія Кміт з аграгарадка Турэц піша аб тым, што «такіх шчырых, мудрых, добразычлівых, з адкрытых сэрцам і душою людзей амаль што не не сустракала нідзе» і «ў цяжкую хвіліну звяртаюся да Марыі Уладзіміраўны Палуян, ніхто, акрамя яе, не дасць мудрыя парады, а ўцешыць мяне быццам бы дыпламаваны псіхолаг. Да яе цяжка датэлефанавацца, і можна меркаваць, што звяртаюцца па дапамогу па розных пытаннях або проста ўзняць настрой».
Аўтарка паведамляе аб тым, што сябруе з Марыяй Уладзіміраўнай даўно, але толькі цяпер адкрыла для сябе, што яна як каштоўны алмаз — самародак найвышэйшай пробы, і пра яе жыццё і творчасць можна пісаць бясконца.
Марыя Пашкевіч з г.п. Карэлічы напісала аб тым, што Марыю Уладзіміраўну Палуян ведае даўно. «Быў час, калі я жыла ў ільнозаводскім інтэрнаце, дзе яна працавала камендантам. Строгая, патрабавальная, перш за ўсё да сябе, а потым да іншых, яна шмат рабіла па добраўпарадкаванні тэрыторыі інтэрната і азеляненні. У яе добрая душа і шчырае сэрца.
Далей аўтар расказвае аб творчасці паэткі. Вершы Марыі Уладзіміраўны чытае з задавальненнем, яны мілагучныя, даступныя, узнёслыя. Пранікнёна піша паэтка аб родным краі і любові да яго. Удала выкарыстоўвае вобразныя выразы: «Вятрыска прахалодай дрэвы студзіць», «У хусцінках беленькіх пралескі», «Сонейка лашчыць промнямі раллю», «Зіма сняжку з свайго прыполу сыпне», «Сівою барадою трос туман».
Аўтарка лічыць Марыю Палуян патрыётам сваёй краіны, якая ў вершы «Запавет сыну» жадае сваім дзецям не лёгкага жыцця і шмат грошай, а «каб годна жылі сярод людзей», «Трэба Чалавекам называцца на святой ад прадзедаў зямлі». Зборнік яе вершаў аўтар ліста называе кнігай аб пошуку гармоніі, духоўнай еднасці з прыродай, Радзімай.
Галіна СМАЛЯНКА