На планёрцы ў старшыні: нерацыянальнае выкарыстанне зямлі, работа па добраўпарадкаванні, гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі
Расшырэнне пасяўных плошчаў — асноўная мэта дзяржаўнай зямельнай палітыкі ў Беларусі. Вострая праблема ў гэтай сувязі — нерацыянальнае выкарыстанне зямлі. Патэнцыйна ўрадлівыя ўчасткі, здольныя прыносіць пастаянны даход, у нас чамусьці зарастаюць быльнікам. Больш апрацоўваемай зямлі — большы прыбытак.
— У кожным сельскім Савеце ёсць невыкарыстоўваемыя зямельныя ўчасткі, якія прымыкаюць да сельскагаспадарчых угоддзяў. Неабходна ўстанаўліваць іх межы і ўводзіць у сельгасабарот, — акцэнтаваў увагу на праблеме старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.
— Гэтая работа ўжо праводзіцца сельвыканкамамі, — растлумачыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. — Напрыклад, у Райцаўскім сельсавеце толькі ў двух населеных пунктах: Міратычы і Плужыны — пустуючыя зямельныя ўчасткі плошчай 8 га будуць выкарыстаны пад вядзенне сельскай гаспадаркі.
У раёне працягваецца работа па добраўпарадкаванні: знос старых і пустуючых дамоў, спілоўванне аварыйных дрэў і кустоў, нарыхтоўка дроў і паліўнай шчапы, ямачны рамонт мясцовых дарог.
У раёне вядзецца назапашванне мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу. У наяўнасці 47% азоту, 25 — фосфару і 74 — калію. Нарыхтавана 79% арганічных угнаенняў, 88 вывезена, 32 унесена.
Гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі не саступае сярэднеабласным паказчыкам. Так, трактары гатовыя на 88%, плугі — 93, дыскавыя бароны — 90, культыватары — 83, збожжавыя сеялкі — 77, сеялкі для цукровых буракоў і кукурузы — 82, сеялкі для лёну — 100.
Іна ЛЕЙКА