Раённы этап спаборніцтваў “Разведатлон-2023” прайшоў на базе Лукскай сярэдняй школы

Раённы этап спаборніцтваў “Разведатлон-2023”, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Гродзеншчыны, прайшоў на базе Лукскай сярэдняй школы.

На спаборніцтвы сабраліся каманды з васьмі школ раёна. Перад прысутнымі выступіла загадчык дзяржаўнай установы “Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Наталля Ардзюк:

— У лютым традыцыйна для нашага раёна праводзіцца месячнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, падчас якога ў кожнай установе адукацыі адбываецца шэраг спецыяльных мерапрыемстваў. Усе мы сабраліся на базе Лукскай сярэдняй школы, якая з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні і выступіла з ініцыятывай арганізаваць гульню. Сённяшнія спаборніцтвы папярэднічаюць абласной гульні “Разведатлон-2023”, якая адбудзецца 23 лютага ў Гродне. Усім удзельнікам я жадаю актыўнасці, знайсці сябе пераможцам у пэўных конкурсах. Перамогі мацнейшым.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Лукскай СШ Уладзімір Матусевіч азнаёміў прысутных з ходам правядзення гульні і расказаў пра воінаў-інтэрнацыяналістаў Карэліччыны, якія загінулі падчас Афганскай вайны: Мікалая Кузьміцкага, Георгія Татура, Сяргея Філончыка і Васілія Федараку. Памерлых ушанавалі хвілінай маўчання.

На спаборніцтвах прысутнічалі воіны-інтэрнацыялісты з Лук Сяргей Максімовіч і Аляксандр Стадольнік.

— Вайна ніколі не бывае правільнай і не нясе дабра нікому, асабліва мірнаму насельніцтву, — кажа Аляксандр Стадольнік. — Інтрыгі палітыкаў, якія даводзяць краіны да сутыкнення, заўжды завяршаюцца дрэнна.

Аляксандр Уладзіміравіч пажадаў перамогі мацнейшым камандам.

Для высвятлення парадку выступлення каманд была праведзена жараб’ёўка. Удзельнікі спаборнічалі ў двух конкурсах: стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і спартыўным арыентаванні, падчас якога неабходна было, арыентуючыся па карце, прайсці пэўныя пункты і знайсці падказкі. У выніку конкурсу трэцяе месца дасталася камандзе Лукскай СШ, серабро забрала каманда з СШ №1 г.п. Карэлічы, перамагла каманда Цырынскай СШ. Лепшыя ўдзельнікі раённых спаборніцтваў будуць абараняць гонар раёна ў абласной гульні.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара