У аграгарадку Лукі адсвяткавалі Улассе
Нягледзячы на мароз, жыхары і госці аграгарадка Лукі сабраліся на дзень святога Уласа, каб ушанаваць хатніх жывёл, асабліва коней, якія ў даўнія часы былі галоўнымі памочнікамі. Госці частаваліся блінамі і печывам у форме падковы, каталіся на конях і праганялі холад танцамі і спартыўнымі гульнямі.
Загадчык аддзела культуры і дасуга «Лукскі дом культуры» Іна Башко кажа, што да свята рыхтаваліся грунтоўна. Пра асаблівасці святкавання расказала мясцовая жыхарка Алена Анікій.
24 лютага — па царкоўным календары – свята святога Уласа, апекуна жывёл.
У беларусаў у Дзень Святога Уласа («конскае свята») аб’язджалі маладых коней і ладзілі асаблівую трапезу.
26 лютага 2023 г. у аг. Лукі адбылося штогадовае зімовае свята ў гонар Святога Уласа – апекуна хатніх жывел, якіх у гэты дзень абавязкова кармілі лепшым кормам, здзяйснялі рытуальныя абрады, каб зберагчы жывёлу ад нячыстай сілы. У гэты дзень на конях не працуюць, а аб’язджаюць маладых коней.
На працягу святочнага дня гучала музыка. Існавала традыцыя, згодна з якой жанчыны рабілі невялікія снапкі лёну (па-мясцоваму «ручкі»), якія яны передавалі мужчынам. Тыя павінны былі выехаць у поле і кінуць «ручкі» ў поле як мага далей, каб урадзіўся доўгі лён.
Упрыгожаныя калёсы аб’ехалі ўвесь аграгарадок, каб ён працягваў квітнець і развівацца. Вядучыя падарылі ўсім прысутным шчырыя пажаданні: «каб перашкоды абыходзілі бокам, каб жывёла раслай сытай, а ўраджай быў багатым. І галоўнае — каб жыхары аграгарадка былі здаровымі, бадзёрымі, вясёлымі, як гэтае свята…»
Удзельнікі мерапрыемства даведаліся шмат цікавага, напрыклад, што «сварыцца нельга, а на свяце асабліва, бо конь слухацца не будзе, будзе хадзіць супраць разоры». Мабыць, нездарма людзі кажуць, што конь – разумная жывёла: злосных і задзірлівых не любіць, а вясёлых, бадзёрых ды спартыўных паважае.
Чаму б не дагадзіць жывёле?! На пляцоўцы госці свята каталі колы, забівалі цвікі, аб’язджалі маладых коней, насілі чыгуны з бульбай.
Завітаў на свята і цэлы цыганскі табар. Забіяцкія госці не толькі весяліліся, але і прадказвалі лёс удзельнікам мерапрыемства. Ды і чаму б не паверыць тым, хто адгадвае чужыя мроі-мары і ўпэўнена сцвярджае, што яны абавязкова спраўдзяцца!
Напрыканцы мерапрыемства гасцей пачаставалі блінамі, у якіх можна было знайсці манетку. Той шчасліўчык, хто знайшоў мядзяк, атрымліваў сюрпрыз.
Завяршылася свята выступленнем ансамбля народнай музыкі і песні «Цырынскія музыкі»
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара