Дынастыя ваенных. Два пакаленні сям’і Зарубайка з гонарам носяць ваенную форму

Дзень абаронцаў Айчыны для сям’і Зарубайка — свята асаблівае. І сам Канстанцін Леанідавіч, і яго сын Канстанцін гавораць, што з гонарам носяць ваенную форму. Патрыятызм, як і сувязь пакаленняў, для іх непарушныя.

Заснавальніка ваеннай дынастыі Канстанціна Леанідавіча Зарубайку ведае не адно пакаленне карэліцкіх прызыўнікоў: амаль 20 гадоў ён працаваў у аддзеле прызыву мясцовага ваенкамата. Сёння ў яго абавязкі не менш важныя: улік афіцэраў запасу, а таксама льготнай катэгорыі: ліквідатараў наступстваў на Чарнобыльскай АЭС, удзельнікаў Афганскай вайны, ветэранаў вайны і ваенных пенсіянераў.

— Нарадзіўся я ў Малых Жухавічах у простай сялянскай сям’і, — расказвае Канстанцін Леанідавіч. — Бацька вадзіцель, мама даярка, у сям’і чацвёра дзяцей. Абодва маіх дзеда былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх, Антон Антонавіч Зарубайка, прайшоў усю вайну, другі быў камісаваны па хваробе. З дзіцячых гадоў мы былі прывучаны да працы і дысцыпліны. Бацькі з раніцы да позняга вечара на працы, а мы і гатавалі, і прыбіралі, і за гаспадаркай прыглядалі. Увогуле, парадак быў армейскі.

Магчыма, таму пасля заканчэння школы Канстанцін і вырашыў паступаць у ваеннае вучылішча, але бацькі адгаварылі: ідзі, маўляў, у сельскую гаспадарку, тут рукі больш патрэбныя. Праз год вучобы ў Ваўкавыскім сельгастэхнікуме хлопца прызвалі ў армію, у далёкую Венгрыю. Пачынаў механікам-вадзіцелем танкавага палка, а потым дзякуючы схільнасцям да матэматыкі маладога чалавека перавялі справаводам харчовай службы. Выканаўчы і дысцыплінаваны юнак не мог не звярнуць на сябе ўвагу камандзіраў, таму праз два гады яму прапанавалі працягнуць службу па кантракце. Спачатку служба праходзіла ў Венгрыі, потым у Арменіі. Гэта былі складаныя 90-я гады, калі армія скарачалася, а ў Арменіі ў 1988 годзе адбылося моцнае землетрасенне. Канстанцін, які ўжо меў жонку і дачку, вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Думаў, што з арміяй пакончана і будзе працаваць на грамадзянцы, але лёс распарадзіўся па-іншаму, прывёў яго ў Карэліцкі ваенкамат.

— Амаль 20 гадоў я працаваў з прызыўнікамі, і не скажу, што ў хлопцаў за гэты час карэнным чынам памянялася стаўленне да службы ў арміі, — кажа ён. — Аматары, як кажуць у народзе «адкасіць», заўсёды былі, але ў асноўным рабяты ідуць служыць ахвотна, разумеюць, што гэта трэба ў першую чаргу ім самім.

Маючы такога бацьку, які вечары напралёт праседжваў за работай у ваенкамаце, стаў ваенным і яго сын Канстанцін. У свае 32 гады маёр унутранай службы Канстанцін Канстанцінавіч Зарубайка прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да камандзіра асобнага батальёна, у падначаленні якога было дзве сотні чалавек.

— У 2022 годзе я паступіў у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь на факультэт генеральнага штаба, асвойваю аператыўна-тактычны ўзровень кіравання, у будучыні змагу кіраваць брыгадай, — дзеліцца малады перспектыўны афіцэр. Дарэчы, юнак ужо жанаты і двойчы бацька, у сям’і падрастаюць дзве дачкі, якія вельмі ганарацца сваім бацькам-вайскоўцам.

— Я адчуваю сябе на сваім месцы, і гэта галоўнае, — кажа Канстанцін. — Служу Радзіме, ганаруся ёю, выхоўваю ў гэтай любові сваіх дзяцей. Калі служыў у Ваўкавыску, стаяў ля вытокаў стварэння ваенна-патрыятычнага клуба «Бастыён» для моладзі. Заўсёды гаварыў і маладым людзям, і сваім падначаленым: «Для нашых дзядоў Радзіма заўсёды была на першым месцы. Яны жылі дзеля яе інтарэсаў, і былі шчаслівыя яе шчасцем. Іх жыццё — гэта прыклад для ўсіх нас».

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара