Намеснік дырэктара Красненскай сярэдняй школы Юлія Скварада апавядае аб шляху ў прафесію, вучнях і школе, Радзіме і патрыятызме, любові і вясне

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі «Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна» Юлія Уладзіміраўна Скварада занесена на раённую Дошку пашаны. Напярэдадні Дня жанчын журналіст гутарыць з педагогам аб шляху ў прафесію, вучнях і школе, Радзіме і патрыятызме, любові і вясне — аб тым, з чаго складаецца Яго Вялікасць Жыццё.

— Юлія Уладзіміраўна, прафесія настаўніка ва ўсе часы была ганаровай і паважанай. Чаму Вы спынілі свой выбар на жаданні сеяць разумнае, добрае, вечнае?

— Мая матуля Валянціна Мікалаеўна шмат гадоў працавала галоўным бухгалтарам у аддзеле адукацыі райвыканкама. Я сустракалася з настаўнікамі і ведала, чым поўняцца іх будні. Разумела, што сапраўды гэта прафесія важная, аб чым гаварыла і матуля, таму мой выбар спыніўся на філалагічным факультэце БДУ. Тым больш у юнацтве ў мяне былі літаратурныя схільнасці да напісання вершаў. Пасля заканчэння ВНУ я прыехала на Карэліччыну, дзе прапанавалі выкладаць рускую мову і літаратуру ў Красненскай сярэдняй школе. Там працую з 2009 года, а з 2013  — на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

 — Дзеці — радасць і надзея. Яны таленавітыя, дапытлівыя, гарэзлівыя. Як Вам удаецца наладзіць з імі кантакты?

— Цярпенне і дабрыня дапамагаюць вырашыць многія пытанні станоўча. Да кожнага імкнуся знайсці індывідуальны падыход, у кожным вучні бачу асобу, і кожнае дзіця таленавітае па-свойму. Вось і стараюся раскрыць гэты талент, імкнуся зацікавіць дзяўчынак і хлопчыкаў да вывучэння новага, і каб яны праяўлялі сваю ініцыятыву ў розных школьных справах.

— На сучасным этапе школе адводзіцца вялікая роля ў пытанні выхавання падрастаючага пакалення. З кім працуе калектыў установы ў  адной звязцы?

— Каб выхаваць грамадзяніна сваёй краіны і сапраўднага патрыёта, аднаго рэсурса ўстановы адукацыі недастаткова. Таму мы цесна супрацоўнічаем з Красненскім сельскім Саветам, СВК «Маяк-Заполле», мясцовым Домам культуры. Мы ладзім сумесныя мерапрыемствы, запрашаем працаўнікоў на сустрэчы з вучнямі школы, каб паказаць, што побач жывуць сапраўдныя героі сённяшніх дзён, якія вырошчваюць хлеб і ўносяць свой уклад у далейшае развіццё малой радзімы і грамадства ў цэлым.

— З чаго пачынаецца Радзіма? Якое значэнне надаецца ў школе патрыятычнаму выхаванню вучняў?

— Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне заўсёды было і застаецца прыярытэтным накірункам у дзейнасці школы. Ва ўстанове адукацыі дзейнічае народны музей, які з’яўляецца добрай дапамогай у выхаванні падрастаючага пакалення, у захаванні традыцый нашага народа. Музей — гэта сувязь стагоддзяў і пакаленняў. Без ведання мінулага немагчыма пабудаваць правільную будучыню. У школе адладжана пэўная сістэма ў дадзеным накірунку, нават настаўнік сваім асабістым прыкладам выхоўвае ў вучняў грамадзянскасць і патрыятызм.

 — На календары — вясна. Яе подых адчуваецца ў прыродзе. Што  для Вас азначае гэтая пара года?

— Я люблю вясну, у гэтую пару ўсё ў прыродзе абуджаецца. Абнаўляецца не толькі прырода, і псіхалагічна чалавек уздымаецца над праблемамі і нягодамі жыцця. Лепш думаецца, радасней становіцца на душы. Вясна нясе надзею і веру ў лепшае.

 — Што Вы ўкладваеце ў паняцце «любоў»?

— Лічу, што ў паняцці «любоў» закладзены вялікі сэнс. Гэта любоў да Радзімы, бацькоў, людзей, з якімі жывеш і працуеш, да сваёй справы. Гэта тое, на чым трымаецца ўвесь свет.

— Якія рысы характару цэніце ў людзях? Якія выхоўваеце ў вучнях?

— У людзях цаню дабрыню, прыстойнасць, працавітасць. У вучнях імкнуся выхаваць такія ж якасці.

— Спрадвеку красненская зямля славілася гісторыяй і традыцыямі, шчырымі і працавітымі людзьмі. Ці стаў маляўнічы куточак блізкім сэрцу педагога?

— Не можа не стаць за 14 гадоў працы ў Красненскай сярэдняй школе. Выхоўваеш дзяцей на мясцовых матэрыялах, даследуеш гэтыя мясціны, сустракаешся са знакамітымі людзьмі і простымі працаўнікамі, пранікаешся краявідамі — і ўсё глыбока западае ў душу і застаецца надоўга ў памяці.

— Надыход вясны і Дзень жанчын асацыюецца з першымі вясновымі кветкамі. Ці любіце кветкі?

— Я вельмі люблю кветкі. У мяне свой кветнік, на якім вырошчваю ружы, лілеі, півоні, шмат першацветаў.

— Чаго чакаеце ад гэтай вясны і што пажадаеце жанчынам з нагоды вясновага свята?

— Як і ўсе, чакаю шчасця. Хаця я шчаслівая: маю добрае здароўе і любімую справу. Усім жанчынам жадаю здароўя,  яно — сапраўдны скарб. Міру, сонца, святла, дабрабыту!

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ