Цветы и подарки, экскурсии по райисполкому и выставочному залу Центра культуры, праздничный концерт. В Кореличах женщин поздравили с 8 Марта

ПАДАРУНКІ І ЦЮЛЬПАНЫ — ДЛЯ ЖАНЧЫН

Вясна багатая на святы. Сярод дзяржаўных, прафесійных, рэлігійных ёсць асаблівавае, якое радуе многіх,  Дзень жанчын. Яно адно на ўсіх: аб’ядноўвае тых, хто віншуе матуль, бабуль, дачок, каханых, сябровак, калег. З нагоды свята  віншаванні атрымліваем на рабоце ад калег, дома — ад родных, у грамадскіх месцах — ад знаёмых і незнаёмых…

Сапраўды, жанчына заслугоўвае таго, каб яе любілі і ўшаноўвалі. Яна, як сонца, свеціць яркімі промнямі і ўсяляе надзею ў заўтрашні дзень. Разам са знешняй і душэўнай прыгажосцю з’яўляецца яшчэ і надзейным тылам, на яе ўскладваюцца мары і спадзяванні.

У Дзень жанчын менавіта самым цудоўным у свеце — і найлепшыя падарункі. Найчасцей — першыя веснавыя кветкі: цюльпаны. Спяшаюцца патэлефанаваць маці і каханым, прызнаюцца ў любові і выказваць словы ўдзячнасці: жанчыны заслугоўваюць увагі і шчасця.

У «залатым спісе» ўшанованых з нагоды Дня маці ў раёне — прозвішчы і пасады прадстаўніц розных галін: сельскай гаспадаркі, адукацыі, медыцыны, камунальнай службы і інш. Гэта — аператары свінаводчага комплексу і машыннага даення малочна-таварнага комплексу, жывёлавод  малочна-таварнай фермы, аператар службы дыспетчарскай, інжынер па ахове працы  — прафесіі ў жанчын-працаўніц самыя розныя. Да таго ж, акрамя абранай справы яны пачэсна выконваюць сваю асноўную прафесію — быць маці.

 

ВЕЛЬМІ ШЧЫРА І АД УСЁЙ ДУШЫ

Ужо стала добрай традыцыяй на Карэліччыне ўшаноўваць жанчын з нагоды веснавога свята. Менавіта ў гэтую пару года, калі абуджаецца прырода, душа чалавека прагне новага і чакае шчасця. Жанчыны ўдвайне: хочуць чуць словы прызнання, удзячнасці, віншаванні, і яны атрымліваюць спаўна. Прадстаўнікі мясцовай улады прыходзяць на сустрэчы, каб адрасаваць у адрас жанчын-працаўніц і жанчын-маці найлепшыя словы. Прамоўцы на гэты раз не скупіліся на добрыя і шчырыя словы, гаварылі шчыра і ад душы. Жанчыны Карэліччыны заслугоўваюць таго, каб ім прызнаваліся ў любові, дзякавалі за працу і проста за тое, што яны ёсць. Побач з імі хораша, надзейна, бестурботна. Вось такая яна, Жанчына!

7 сакавіка ў Карэліцкім раённым выканаўчым камітэце адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з лепшымі жанчынамі раёна. Адкрыла яе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Нэлі Маісеенка, якая выказала словы ўдзячнасці жанчынам раёна за іх працу і пажаданні ўсіх зямных даброт у жыцці.

На прыём з нагоды Дня жанчын завіталі старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў, яго намеснік, старшыня РА ГА «Белая Русь» Яўген Чычкан, старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, якія выказалі шчырыя словы ў адрас карэліцкіх працаўніц. Кіраўнік раёна, нагадаўшы гісторыю свята, расказаў пра дасягненні раёна і пра задумкі. Яны датычаць добраўпарадкавання гарпасёлка і месца адпачынку ў райцэнтры. Закрануў пытанне бяспекі на дарогах, заклікаў праяўляць цікавасць да жыцця адзінокіх. «Сувязь пакаленняў павінна прадаўжацца, і мы павінны захаваць мір на зямлі», — сказаў старшыня райвыканкама.

Генадзій Мікалаевіч прапанаваў пазнаёміцца з адметнымі месцамі райвыканкама. На першым паверсе ўвага была звернута на раённую Дошку пашаны, на якой змешчаны перадавікі раёна і паспяховыя вучні. Жанчыны пазнаёміліся з фотавыставай работ пад назвай «Шчасце — жыць у родным краі», выканаўцамі якой з’яўляюцца Ларыса Шугля і журналісты раённай газеты «Полымя». На трэцім паверсе райвыканкама жанчын раёна чакала знаёмства з галерэяй фотаработ вучняў раёна і з гонарам раёна: Героем Савецкага Саюза і васьмю Героямі Сацыялістычнай Працы. «Мы працуем, каб развівацца і рухацца наперад», — зазначыў Генадзій Шатуеў.

Ад Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў шчыра павіншаваў са святам яго старшыня Аляксандр Шкадаў. «Вы забяспечваеце надзейны тыл, з’яўляецеся лідарамі на вытворчасці, выхоўваеце дзяцей», — даў высокую адзнаку прызначэнню жанчын раёна. Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан павіншаваў усіх прысутнічаючых на свяце жанчын, прызнаўся ў любові да працаўніц, выказаў найлепшыя словы пажаданняў.

«МЫ АБЯЦАЕМ ВАМ ЛЮБОЎ»

Свята прадоўжылася ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» Юлія Баярэнка правяла экскурсію па выставачнай зале аб папулярызацыі традыцыйных народных рамёстваў. Гасцям было тут што паглядзець: прадметы і сувеніры выклікалі цікавасць.

На другім паверсе Цэнтра жанчын таксама чакаў сюрпрыз. Гаспадары сумесна з Карэліцкім раённым музеем арганізавалі выставу рэпрадукцыі пад назвай «Вобраз жанчыны праз гады». Старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксей Караян расказаў аб жанчыне ў эпохах і раскрыў яе вобраз у выяўленчым мастацтве. Музейныя работнікі правялі акцыю да Дня жанчын «Самым мілым і любімым»: яны дарылі жанчынам паштоўкі.

«Мы абяцаем вам любоў» — пад такой назвай у глядзельнай зале Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню жанчын. Лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці падарылі прысутным работнікі культуры раёна, а таксама парадавала выступленне дзяцей.

Кожная песня па-свойму хвалявала і глыбока западала ў душу. Дарэчы, як і шчырае слова, так і добрая мелодыя патрэбны нашай душы, каб з нагоды свята яшчэ мацней адчуць усю прыгажосць веснавога свята. Подых гэтай цудоўнай пары года дапамагае паверыць у заўтрашні дзень. У любоў, бо вялікае пачуццё побач, яно — у людзях, прыродзе, простых рэчах, ва ўсім тым, што называецца жыццём.

СЛОВА — УДЗЕЛЬНІЦАМ СВЯТА

Таццяна ГАЛУШКА,

жывёлавод фермы «Далматаўшчына»

КСУП «Лукі-Агра»:

— Галоўнае — гэта мір на зямлі, і каб усе былі здаровыя. Мае сыны выбралі прафесію абаронца Айчыны. Аляксей — ваеннаслужачы па кантракце, Сяргей — курсант другога курса Ваеннай акадэміі. Мае сыны — мой гонар.

Аксана ЗАЙКО,

аператар машыннага даення МТК «Райца-1»

СВК «Свіцязянка-2003»:

— Мой сын Дзмітрый таксама ваенны, закончыў Ваенную акадэмію з адзнакай. Я працую больш 20 гадоў у родным СВК. Праца для мяне — аснова жыцця. Дачка Валерыя — выхавальнік Жухавіцкага дзіцячага садка. Дзеці для мяне — маё святло і мая радасць.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ