Педагоги из Кореличского района посетили выставку «Беларусь интеллектуальная» в Гродно

Унікальная выстава навукова-тэхнічных дасягненняў “Беларусь інтэлектуальная” адкрылася ў Гродне. На ганаровым адкрыцці прысутнічаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Выстава была арганізавана ў выкананне даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, якое ён даў у час сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімірам Гусаковым у кастрычніку 2022 года.

На выставе дэманструюцца дасягенні і распрацоўкі вучоных НАН Беларусі, прадстаўнікоў устаноў адукацыі, навукова-даследчых дзяржаўных і прыватных арганізацый краіны, тэхнапаркаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі. Асноўныя мэты мерапрыемства — дэманстрацыя навейшых распрацовак беларускіх вучоных і студэнтаў, прапаганда дасягненняў навукі, арыентаваная на шырокую аўдыторыю прадстаўнікоў усіх слаёў беларускага грамадства.

Выстава “Беларусь інтэлектуальная” была падтрымана Кіраўніком дзяржавы, кіраўніцтвам краіны і атрымала вялікі водгук у грамадстве.

На выставу ў Гродна прыехалі звыш 150 удзельнікаў з усёй краіны, якія прэзентуюць больш за 1000 экспанатаў.

Экспазіцыя арганізавана па кластарным прынцыпе. Ён прадугледжвае аб’яднанне і лагічную сувязь буйных тэматычных блокаў, якія развіваюцца ў Беларусі і найбольш актуальныя ў сённяшні час.

Сярод тых, хто наведаў выставу ў дзень яе адкрыцця, — настаўнікі сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы. Сваімі ўражаннямі падзяліўся кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Мікалай Рабко:

— Вельмі цікавая выстава. Мы даведаліся шмат новага, для сябе я адзначыў прэпараты для сельскай гаспадаркі, распрацаваныя Акадэміяй навук Беларусі. Я запытаўся, чаму гэтых прэпаратаў няма ў продажы, бо ў нашых крамах прадаюць, у асноўным, замежныя, якія асабіста мяне не задавальняюць. Мне паабяцалі, што ў хуткім часе інтэрнэт-крама будзе забяспечана дадзенай прадукцыяй. Уразіла мяне і выстава, арганізаваная Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь. Прадстаўленыя там экспанаты даюць зразумець, што мы маем сучасныя абарончыя сродкі, каб пастаяць за сябе. Спадабаліся беспілотныя ваенныя праекты. Таксама я звярнуў увагу на тое, што на выставе былі прадстаўлены беспілотнікі, якія могуць выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы для апрацоўкі палёў ўгнаеннямі і пестыцыдамі.

Мікалай Мікалаевіч адзначае, што хацеў бы арганізаваць экскурсію на выставу для вучняў:

— Ім будзе нават больш цікава, чым нам. Яны, напрыклад, змогуць паспрабаваць папрацаваць на 3D прынтары, паглядзець, як усё гэта працуе. Таму я прапаную наступную экскурсію арганізаваць для вучняў, якія дасягнулі высокіх рэзультатаў у вучобе, праяўляюць сябе ў грамадскім жыцці. Заахвоціць іх і далей прыкладаць намаганні.

Выстава “Беларусь інтэлектуальная” праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Раней экспазіцыю маглі наведаць у Гомелі, Магілёве і Віцебску. Пасля Гродна, дзе выстава будзе працаваць з 16 па 19 сакавіка, яна накіруецца ў Брэст.

Сяргей СТОЛЯР