Председатель Гродненского облисполкома Владимир Караник вручил паспорт ученице СШ №2 г.п. Кореличи Татьяне Пекарской

У рамках Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» з нагоды Дня Канстытуцыі ў Гродзенскай абласной філармоніі адбылася ўрачыстасць, на якую сабраліся юныя актывісты вобласці. 19 юнакоў і дзяўчат атрымалі свае першыя пашпарты. Сярод іх — вучаніца 8 «Б» класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Таццяна Пякарская.

Дзяўчына прызналася, што вельмі хвалявалася, на мерапрыемстве такога  ўзроўню ўпершыню, а атрымаць пашпарт з рук самога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка для вучаніцы — вялікі гонар. Разам з пашпартам ёй уручылі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у новай рэдакцыі.

— Гэта накладвае яшчэ большую адказнасць на мяне, — гаворыць Таццяна. — Мы, маладыя, павінны памятаць аб тым, што ў нас ёсць не толькі правы, але і абавязкі. Для вучняў асноўнай працай з’яўляецца вучоба і актыўны ўдзел у жыцці школы.

Мы павінны быць патрыётамі сваёй краіны,  за намі — будучыня. Ужо зараз трэба прыкласці шмат старанняў, каб вызначыцца ў жыцці і называцца сапраўднымі грамадзянамі роднай Беларусі.

Словы Таццяны не разыходзяцца са справамі. На рахунку вучаніцы — шмат узнагарод. Гэта дыпломы: лаўрэата І ступені ў ІІІ Міжнародным фестывалі мастацтваў «Вёска  Fest», лаўрэата ІІ ступені ў Міжнародным конкурсе-фестывалі «Мелодыя Зімы», лаўрэата І ступені ў Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў «Навагодні перапалох», лаўрэата І ступені ў Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў «Калядная казка», лаўрэата І ступені ў І рэгіянальным фестывалі-конкурсе мастацтваў «Ад прашчураў да зор», лаўрэата ІІІ ступені ў ІІІ Міжнародным шматжанравым конкурсе мастацтваў «Зімовая хваля», лаўрэата І ступені ў V Міжнародным конкурсе выканаўчых відаў мастацтваў «#СЯБРЫ-2022», лаўрэата І ступені ў Міжнародным шматжанравым конкурсе культуры і мастацтва «Браво» (намінацыя: выяўленчае мастацтва) і многія іншыя конкурсы раённага этапа.

Класны кіраўнік 8 «Б» класа  Наталля Уладзіміраўна Нікіціна засталася ў захапленні ад сустрэчы. «Вельмі прыгожа, урачыста, уражліва было на ўручэнні пашпартоў вучням вобласці, усё  прасякнута патрыятызмам і любоўю да Беларусі, — гаворыць педагог. — Гэта і зразумела: юным актывістам  уручалі асноўны дакумент. Гэта сапраўднае свята для юнакоў і дзяўчат, якія сёння сядзяць за партамі, а заўтра ім давядзецца будаваць сваё жыццё і мацаваць дабрабыт сваёй краіны. Гледзячы на маладых людзей у зале, мяне перапаўняў гонар за родную Беларусь: яна — у надзейных руках.».

Наталля Уладзіміраўна выказала меркаванне, што калі дзяўчаты і юнакі старанна  вучацца ў школе, удзельнічаюць у конкурсах, алімпіядах, спаборніцтвах, маюць захапленні, жывуць актыўным жыццём і любяць  сваю Радзіму, яны  павінны зрабіць усё магчымае для росквіту  Айчыны.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Пул 4 рэгіён