13 января 1943 года нацисты убили 77 жителей деревни Лядки. Марии Соболевской чудом удалось выжить в той кровавой бойне

У ноч з 12 на 13 студзеня 1943 года жыхары вёскі Лядкі Ярэміцкага сельсавета мірна спалі. Наперадзе быў шчодры вечар, калі ўся радня збіралася за святочным сталом. Вяскоўцы грунтоўна падрыхтаваліся да сямейнай вячэры і сустрэчы калядоўшчыкаў, верылі, што новы год стане шчаслівым. Але не ведалі людзі таго, што фашысты рыхтуюць для іх смяротны свінец якраз на Стары Новы год. 77 чалавек забілі нелюдзі, не пашкадаваўшы ні малых, ні старых, ні жанчын.

Соф’я Фёдараўна Конюх з вёскі Браносава Турэцкага сельсавета не па чутках ведае пра жудасную трагедыю ў Лядках. Яе мама, 23-гадовая Марыя Пятроўна Сабалеўская, цудам змагла выжыць у той крывавай бойні.

— Мая мама была старэйшай сярод шасці дзяцей. Спачатку яна, Марыя, потым Пётр, які у вайну пайшоў у партызаны, 14-гадовы Саша і яго брат-пагодак Лёня, 5-гадовая Сонечка і 4-гадовая Лідачка. Іх тата Пётр, мама Зінаіда, у адной хаце з імі яшчэ жылі татавы брат Павел і сястра Алеся. Усяго 10 чалавек. Выжылі толькі чацвёра, — успамінае жанчына.

Карнікі з’явіліся ў Лядках ноччу. Гэтую вёску яны асабліва ненавідзелі: менавіта тут з ліпеня 1941 года дзейнічала падпольная камсамольска-маладзёжная група пад кіраўніцтвам А. Ф. Бянецкага.

Пазней падпольшчыкі ўліліся ў партызанскі атрад “Камсамолец”. У тую жудасную ноч фашысты схапілі селяніна, які выйшаў на двор, і загадалі паказваць партызанскія хаты.

Пакуль забойцы дайшлі да хаты Сабалеўскіх, ужо развіднела. Якраз людзі селі снедаць. За сталом сядзелі тата, Павел, Алеся, Марыя і дзве малодшанькія Соф’я і Лідзія. Гаспадыня даставала з печы сняданак. Для двух хлопчыкаў, Сашы і Лёні, месца за сталом не хапіла, таму яны да часу грэліся за печчу, чакалі, пакуль мама падасць ім туды кашу. Раптам дзверы ад моцнага ўдару  амаль зляцелі з петляў, у хату ўварваліся ўзброеныя фашысты і пачалі страляць.

— Мама расказвала, што стралялі разрыўнымі кулямі. Спачатку як падкошаная ўпала гаспадыня. Потым страшэнны боль у нагах адчула Марыя і, падаючы на падлогу, убачыла, як з жывоцікаў сястрычак выпадаюць унутраныя органы. Яна ляжала на зямлі і не магла варухнуцца, нават амаль не дыхала, ведала: як толькі пашавеліцца, яе даб’юць. Стаіліся за печкай і брацікі. Як толькі забойцы выйшлі, Марыя на руках запаўзла пад печ. Калі карнікі пакінулі вёску, па хатах пачалі хадзіць суседзі. Яны расказвалі, што ў хаце Сабалеўскіх было па костачку крыві. Марыю і хлопчыкаў суседзі забралі да сябе. Дзяўчыну перавязалі і пазней адправілі да радні ў Турэц, дзе яе лячыў доктар.

Марыя Сабалеўская цудам змагла выжыць у крывавай бойні

Соф’я Фёдараўна расказвае, што не ведае, якога колеру ў яе мамы і дзядзькоў былі валасы, бо яны заўсёды былі поўнасцю сівымі. Белымі валасы зрабіліся за той жудасны ранак, калі не стала амаль усёй сям’і Сабалеўскіх. Пасля вайны Марыя выйшла замуж, нарадзіла трох дачок, усё жыццё працавала паляводам. Яна вучыла сваіх дзяцей быць працавітымі і сумленнымі, шанаваць мір.

— Я гэта сёння ўспамінаю з болем у сэрцы для таго, каб людзі помнілі, што адбывалася зусім нядаўна, 80 гадоў назад, не забывалі. Мір вельмі лёгка парушыць. Важна, каб гэта разумела ў першую чаргу маладое пакаленне, — робіць наказ Соф’я Фёдараўна.

З успамінаў партызан атрада “Камсамолец” А. Мацко і І. Мацко:

«У ноч з 12 на 13 студзеня атрад накіраваўся на аперацыю па знішчэнні тэлефоннай сувязі на тракце Мір-Баранавічы. Мы выканалі задачу. Аднак па дарозе назад на досвітку каля в. Лядкі нас нечакана абстралялі з кулямётаў і аўтаматаў. Пачаўся бой. Як потым стала вядома, у вёсцы “гаспадарылі” каля 200 карнікаў, у тым ліку мірская паліцыя на чале з баранавіцкім гебітскамісарам. Яны здзейснілі крывавую расправу над сем’ямі партызан і мірнымі жыхарамі в. Лядкі. Цяжка забыць страшную карціну, якую мы ўбачылі пасля бою. Расстраляныя з аўтаматаў і кулямётаў старыя і жанчыны, малалетнія дзеці і падлеткі з разбітымі прыкладамі галовамі. Нікога не пашкадавалі фашысты і іх халуі. Завяршыць сваё жудаснае злачынства да канца ім перашкодзілі партызаны. На дапамогу нашаму атраду, які вёў цяжкі бой, падышлі партызаны кавалерыйскага атрада Дзмітрыя Дзенісенкі, якія ў гэтую ноч знаходзіліся ў засадзе каля в. Браносава. Карнікам паграджала поўнае акружэнне. Сабраўшы ўсе сілы, фашысты пайшлі ў наступленне. Падпусціўшы іх на блізкую дыстанцыю, партызаны адкрылі моцны агонь. Упаў паранены ў абедзве нагі гебітскамісар. Фашысты пачалі паспешліва адступаць у накірунку Міра, падбіраючы на хаду забітых і параненых. Аднак з-за моцнага агню партызан параненага гебітскамісара ім не ўдалося вынесці і яго даканаў моцны мароз. У гэтым баі было забіта каля 15 карнікаў, многія атрымалі раненні, былі захоплены значная колькасць зброі і важныя нямецкія дакументы».

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і з архіва гераіні публікацыі