В КСУП «Малюшичи» отпраздновали 75-летний юбилей

У 2022 годзе ў КСУП «Малюшычы» прырост вытворчасці валавой прадукцыі склаў 105,6% да ўзроўню 2021 года. Пра гэта паведаміў дырэктар прадпрыемства Міхаіл Валчэцкі на сходзе працоўнага калектыву ў гонар 75-годдзя сельгаспрадпрыемства.

— Ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства атрымана 2 млн прыбытку, рэнтабельнасць склала 52,6%, — адзначыў кіраўнік. — Найбольш прыбытковымі сталі такія культуры, як збожжа і рапс. Машынна-трактарны парк прадпрыемства папоўнілі аўтамабіль МАЗ 650128-575, культыватар КШМ-10, трактар МТЗ-3522. Для паляпшэння ўмоў працы выкананы рамонт мехмайстэрні ў в. Баранавічы. У будынку былой крамы з’явілася ўтульная сталовая для работнікаў.

У дзень святкавання юбілею галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі працаўнікі прадпрыемства, якія штодзённай нялёгкай працай ствараюць прадукцыю для нашага стала. На сцэну падняліся лепшыя работнікі па выніках 2022 года, чые імёны занесены на Дошку гонару прадпрыемства: Дзмітрый Коцік, Таццяна Каратай, Ігар Патук, Валянціна Сянько, Генадзь Саковіч, Ларыса Цівунчык, Павел Бушэйка, Дзяніс Блакіцкі. Таксама ўзнагароджаны работнікі, якія выйшлі на заслужаны адпачынак: Аляксандр Бязняк, Уладзімір Лукошка, Наталля Івашкава, Віктар Саўко, Кацярына Янцэвіч. Аднаразовую дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці атрымалі Яўген Мураўскі і Мікалай Раткевіч.

Павіншавалі калектыў з юбілеем і ўручылі каштоўныя падарункі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская, старшыня Малюшыцкага сельвыканкама Віктар Дзірвук.

З гістарычнай даведкай «КСУП «Малюшычы». Шлях даўжынёю ў 75 гадоў» азнаёміла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Святлана Казак. Фінальным акордам мерапрыемства стаў святочны канцэрт ад калектыву мастацкай самадзейнасці Карэліцкага РЦКіНТ.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара