Журналист «Полымя» и инспекторы ГАИ проверили, соблюдают ли в г.п. Мир водители многотонников требования запрещающего знака
Новая кальцавая дарога вакол г.п. Мір дазволіла разгрузіць вуліцы пасёлка, жыхары якога скардзіліся на патокі фур. Разам з інспектарамі ДАІ журналіст «Полымя» накіраваўся ў Мір, каб праверыць, ці выконваюць вадзіцелі шматтоннікаў патрабаванні знака “Рух грузавых аўтамабіляў звыш 8 тон забаронены”.
Інспектары ДАІ кажуць, што такія рэйды ў пасёлку ўжо праводзіліся. На працягу двух дзён супрацоўнікі аўтаінспекцыі “дзяжурылі” на вуліцы Чырвонаармейская, каля сценаў касцёла святога Мікалая, але парушальнікаў не было.
— З адкрыццём аб’язной дарогі аўтамабілі вагой звыш 8 тон ездзяць у абход, — кажа старшы дзяржаўны аўтамабільны інспектар міжраённага аддзела ДАІ Аляксандр Палуян. — Здараецца, што вялікагруз трэба заправіць, а да запраўкі можна даехаць толькі праз пасёлак. Гэта дазволена толькі пры той умове, што аўтамабіль развернецца і рушыць па аб’язной. Таксама праз Мір да сваіх мехмайстэрняў рухаецца сельгастэхніка ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, у якой альтэрнатыўнага маршруту проста няма. Згодна з правіламі дарожнага руху гэта дазволена.
Прастаяўшы каля касцёла больш за гадзіну і не сустрэўшы ні аднаго вялікагруза, пераязджаем да будынка пажарнай часці. Якраз рухаецца аўто вялікіх памераў. Інспектар спыняе машыну. Аказалася, што вадзіцель вязе камбікорм на птушкафабрыку, мае адпаведныя дакументы, а значыць і права на праезд праз пасёлак.
— Гэты вадзіцель згодна з дакументамі едзе да месца разгрузкі, а значыць для яго рух дазволены. Калі ж вадзіцелі парушаць правілы дарожнага руху, іх чакае штраф у памеры ад 1 да 5 базавых велічынь, — тлумачыць інспектар.
Старшыня Мірскага сельвыканкама Аляксандр Маркевіч кажа, што са з’яўленнем аб’язной паток фур знік:
— Так, галоўная праблема знялася. Але бывае, што мясцовыя жыхары, якія працуюць на фурах, прыязджаюць на іх дадому на выхадныя і пакідаюць шматтоннікі ў межах пасёлка. Зразумела, што кожны хоча адпачыць з сям’ёй, але правілы дарожнага руху напісаны для ўсіх.
— Пакіданне грузавога аўтамабіля ў не прызначаным для гэтага месцы цягне адміністратыўную адказнасць: на першы раз — да 5 базавых велічынь, паўторна на працягу года — да 10, — падагульняе Аляксандр Палуян.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара