Планавыя вучэнні: на Карэліччыне адбудуцца зборы па тэрытарыяльнай абароне
Планавыя вучэнні: на Карэліччыне адбудуцца зборы па тэрытарыяльнай абароне
З 28 сакавіка па 21 красавіка на базе нашага раёна будзе праводзіцца праверка гатоўнасці сістэмы кіравання тэрытарыяльнай абароны. Асноўная мэта збораў — адпрацоўка ключавых пытанняў згодна з распрацаваным для ўсёй краіны і кожнага рэгіёна планам тэрытарыяльнай абароны, які прадугледжвае мноства мерапрыемстваў па тактычнай, тэарэтычнай і баявой падрыхтоўцы.
Па словах начальніка адасобленай групы Карэліцкага раёна ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргея Шаліна, сістэма тэрытарыяльнай абароны дае магчымасць у кароткія тэрміны значна павысіць узровень абароназдольнасці краіны.
— Тэрытарыяльная абарона — гэта комплекс мерапрыемстваў, якія арганізуюцца ў ваенны час у мэтах абароны насельніцтва, аб’ектаў і камунікацый, а таксама барацьбы з праціўнікам на тэрыторыі краіны. Тэрытарыяльныя войскі выконваюць баявыя задачы ў той жа мясцовасці, дзе пастаянна пражываюць ваеннаабавязаныя, іх забеспячэнне ўскладаецца на мясцовыя органы ўлады, – расказвае Сяргей Аляксандравіч. — У мірны час асаблівая ўвага надаецца практычнай накіраванасці ў навучанні службовых асоб органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны з удзелам прадстаўнікоў райвыканкама, ваенкамата, РАУС і РАНС. Кожны чалавек павінен умець абараняць сябе, сваю сям’ю, прадпрыемства, дзе працуе, мясцовасць, дзе жыве, а значыць, і дзяржаву, грамадзянінам якой з’яўляецца.