Месячнік грамадзянска-патрыятычных спраў “Слаўлю Айчыну!” згуртаваў вучняў з Аюцавіч
У рамках Месячніка грамадзянска-патрыятычных спраў “Слаўлю Айчыну!” у нашай школе прайшлі спаборніцтвы паміж хлопчыкамі “Самы – самы”, якія былі арганізаваны да Дня абаронца Айчыны і сталі добрай традыцыяй у школе.
У спартыўнай зале сабраліся вучні, іх бацькі, настаўнікі і проста балельшчыкі. У зале панавала ажыўленне, усе хваляваліся. Свята адкрылі падняццем Дзяржаўнага сцяга, прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь, што стварыла атмасферу ўрачыстасці і асаблівага ўздыму. Капітаны прадставілі свае каманды. Да будучых абаронцаў Айчыны з віншаваннем звярнулася дырэктар Бухавец Галіна Мікалаеўна. Пасля прадстаўлення членаў журы пачаліся спаборніцтвы. Каманды “Сілачы” і “Разведчыкі” паказалі сваё майстэрства: уменне трапляць у кальцо мячом, падцягвацца, аджымацца, хутка бегаць. Сапраўдны салдат павінен спраўляцца з любой работай, таму ўдзельнікі павінны былі на хуткасць пачысціць бульбу, перавязаць “параненага”, праспяваць ваенную песню. Для хлопчыкаў, будучых салдат і абаронцаў, свята стала сапраўдным выпрабаваннем. Кожны жадаў праявіць сябе самым хуткім, самым спрытным, самым вынослівым, самым знаходлівым. Кожны хацеў перамагчы. Выдатнымі паказчыкамі яны здзівілі членаў журы. А гледачы-балельшчыкі падбадзёрвалі сваіх сяброў.
Пераможцы былі ўзнагароджаны граматамі і салодкімі прызамі. Свята нікога не пакінула раўнадушным, таму што гэта не толькі спаборніцтвы, але і паказчык згуртаванасці школьнага калектыву.
Мацвей Сазонаў,
вучань 8 класа