Свята са статусам “дзяржаўнае”. 15 сакавіка на Карэліччыне адзначылі Дзень Канстытуцыі (+ відэа)
15 сакавіка на Карэліччыне адзначылі Дзень Канстытуцыі. Асноўны закон краіны вызначае асновы ўлады і грамадскага жыцця, гарантуе правы і свабоды грамадзян, а таксама застаецца важным фактарам для фарміравання нацыянальнай самабытнасці беларусаў. У гэты дзень у Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла дыялогавая пляцоўка, падчас якой юныя жыхары раёна ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі пашпарты.
15 сакавіка 1994 года быў прыняты першы асноўны Закон незалежнай Рэспублікі Беларусь. З тых часоў Канстытуцыя некалькі разоў удасканальвалася, але асновы яе ладу заставаліся і застаюцца непарушнымі. Вышэйшая каштоўнасць Асноўнага Закона – чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай, якая забяспечвае далейшае развіццё грамадства і ўстанаўлівае пэўныя правілы для грамадзян. Яна аснова ўзаемаадносін дзяржавы і грамадства. У ёй сутнасць суверэнітэту краіны і нацыянальнага гонару, залог стабільнага развіцця грамадства і ўпэўненасці ў будучыні нашых нашчадкаў.
Ганаровымі гасцямі і спікерамі дыялогавай пляцоўкі сталі прадстаўнікі адміністрацыі Карэліцкага райвыканкама: старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў, старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня Карэліцкай РА ГА “Белая Русь” Яўген Чычкан, выконваючы абавязкі пракурора Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, першы намеснік старшыні праўлення Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды” Святлана Вараніца, загадчык сектара ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Карпаленка. У якасці мадэратара дыялогавай пляцоўкі, прысвечанай Году міру і стварэння, Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выступіў Генадзь Карпаленка. У сваім звароце да прысутных ён адзначыў, што ўсе пытанні павінны вырашацца за круглым сталом, а не ў канфліктах і супрацьстаянні. Мы павінны выяўляць праблемы, з якімі сутыкаецца грамадства і сумесна шукаць аптымальныя шляхі іх вырашэння.
У сваіх выступленнях удзельнікі дыялогавай пляцоўкі звярнулі ўвагу на пытанні грамадска-палітычнага ладу нашай краіны, захавання гістарычнай памяці, абмеркавалі прынятыя ў 2023 годзе Законы (аб УНС, Выбарачны кодэкс, Закон аб асновах грамадзянскай супольнасці), пазнаёміліся з вынікамі крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
— Шматгадовае існаванне БССР стварыла канчатковыя ўмовы для афармлення сучаснай беларускай нацыі і незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы: нашу Радзіму, нашу гістарычную памяць. Наша агульная задача – не дапусціць фальсіфікацыі гісторыі, яе перапісвання ва ўгоду розным інтарэсам. Толькі захаваўшы сваю гістарычную памяць, абапіраючыся на свае каштоўнасці, замацаваныя ў прэамбуле Канстытуцыі, – адзінства, патрыятызм, павага да старэйшых, чалавекалюбства – мы зможам і далей пісаць слаўную гісторыю суверэннай Беларусі, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў, разважаючы аб важнасці захавання гістарычнай памяці.
Сёння грамадзяне Беларусі з’яўляюцца не проста сведкамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі працэсу развіцця беларускай дзяржаўнасці, умацавання стабільнасці ў нашым грамадстве. Гэта асабліва важна ў рэаліях выклікаў і пагроз нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. На пытаннях Усебеларускага народнага сходу і зменах выбарчага заканадаўства спыніліся Аляксандр Шкадаў і Святлана Вараніца.
— Беларусь за гады незалежнасці стварыла ўнікальную мадэль палітычнага ладу. У нашай краіне выведзены на зусім новы ўзровень прынцып народаўладдзя, аналагаў якому ў міжнароднай практыцы няма. Палітыка нашай дзяржавы выбудаваная такім чынам, каб кожны грамадзянін быў задзейнічаны ў рабоце, накіраванай на фарміраванне грамадзянскай пазіцыі. І яна першапачаткова павінна грунтавацца на любові і павазе да сваёй краіны, народа, – акцэнтавала Святлана Уладзіміраўна.
Сваімі думкамі аб стварэнні новай палітычнай партыі “Белая Русь” падзяліўся Яўген Чычкан:
— Новая партыя – самастойная палітычная сіла, якая накіравана на вырашэнне тых вострых праблем, якія сёння стаяць і перад нашым грамадствам, і ў цэлым у свеце. Людзі адчулі неабходнасць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці. Яны хочуць самі тварыць сваю будучыню, будучыню сваёй краіны, сваіх дзяцей. Наша грамадства і дзяржава павінны быць адзінымі і арганізаванымі, нацэленымі на абарону сваёй краіны і нацыянальных інтарэсаў. Адным з суб’ектаў такой дзейнасці стане палітычная партыя “Белая Русь”.
У сваім выступленні Віктар Аўдакушын расказаў аб выніках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і адзначыў:
– Расследаванне генацыду народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца данінай памяці загінулым і спрыяе ўсталяванню і захаванню гістарычнай справядлівасці.
Адной з галоўных традыцый у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь стала ўручэнне маладым грамадзянам галоўнага дакумента – пашпарта, які пацвярджае асобу і прыналежнасць да дзяржавы. Быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – гэта высокі гонар. Дзе б ні быў беларус, на сваёй зямлі ці далёка за мяжой, ён ганарыцца прыналежнасцю да сваёй краіны. Нашым грамадзянам уласцівыя любоў да Радзімы, клопат пра яе росквіт, адказнасць за яе лёс. Галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і падарункавую кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” васямнаццаці юным карэліччанам уручылі Генадзій Шатуеў і Віктар Аўдакушын.
Атрымаўшы пашпарты, маладыя людзі бяруць на сябе не толькі частку адказнасці за нашу краіну – Рэспубліку Беларусь, але і становяцца паўнапраўнымі гаспадарамі сваёй Радзімы. Хочацца выказаць словы ўпэўненасці, што яны паспяхова працягнуць справы і пачынанні людзей старэйшых пакаленняў, якія стваралі і развівалі эканоміку нашай краіны.
Сваіх эмоцый ад урачыстасці не хавае вучаніца ДУА “Красненская сярэдняя школа” Таццяна Зелянкевіч:
— Сённяшні дзень для мяне — сапраўднае свята. Я лічу, што пашпарт – гэта адзін з самых важных дакументаў для грамадзяніна Беларусі. Асабіста для мяне быць грамадзянінам – значыць ганарыцца сваёй краінай, быць сумленным, прыстойным і верным сваёй краіне і народу.
Вучань ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы” Дзмітрый Ашурок адзначае:
— Вельмі чакаў гэты дзень, трохі хваляваўся. Сёння мы не проста атрымалі пашпарты, а вельмі шмат станоўчых эмоцый. Таму гэты дзень назаўсёды застанецца ў маёй памяці.
Кацярына КУКАНАВА
Фота і відэа Сяргея СТОЛЯРА