Узнали у кореличских бизнесменов, как проходит регистрация агроусадеб к новому туристическому сезону
Да 1 ліпеня 2023 года ўсе ўладальнікі аграэкасядзіб павінны прайсці перарэгістрацыю ў мясцовых райвыканкамах згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”.
— Усім жадаючым працягваць сваю дзейнасць у галіне аграэкатурызму і тым, хто хоча адкрыць сваю сядзібу, неабходна да 1 чэрвеня падаць заяву ў службу “адно акно” Карэліцкага райвыканкама, — кажа галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Юлія Ліхута.
— Пасля разгляду вашай заявы ў рамках правядзення працэдуры рэгістрацыі аграэкасядзіб раённая камісія ажыццяўляе комплексную аб’ектыўную ацэнку патэнцыяльных суб’ектаў і далей райвыканкам прымае канкрэтнае рашэнне з улікам тэрытарыяльнага размяшчэння і выканання пунктаў Указа.
На дадзены момант у Карэліцкім раёне перарэгістрацыю прайшлі ўладальнікі дзвюх аграсядзіб, на разглядзе ў райвыканкаме — яшчэ дзве заявы. Усяго ў раёне працуе 14 сядзіб.
Адным з першых, хто падаў заяву на перарэгістрацыю, стаў Нікадзім Нарбутовіч з сядзібы “У Нікадзіма”:
— Асабліва да сустрэчы камісіі не рыхтаваўся. У добрага гаспадара ўсё павінна быць у парадку. Патрабаванні да нас амаль не змяніліся. Члены камісіі прайшліся па ўсіх пакоях, уважліва ўсё агледзелі, праверылі інфраструктуру. Так што працэдуру я прайшоў.
Гаспадар сядзібы “Хутарок-1948” з вёскі Мінакі Аляксандр Кандэра гаворыць:
— Заўваг да мяне з боку камісіі амаль не было, у мяне не хапала аднаго пажарнага датчыка, але гэта лёгка паправіць. Члены камісіі былі вельмі ўважлівымі, пільна ўсё аглядалі, стараліся не прапусціць дробязей. Нават заўважылі на талерцы невялікі скол, папрасілі замяніць.
Сяргей СТОЛЯР