У ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» праведзена раённая алімпіяда на веданне Правілаў дарожнага руху
27 сакавіка, у першы дзень веснавых канікул, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» стала месцам правядзення раённай алімпіяды на веданне Правілаў дарожнага руху.
Арганізатары мерапрыемства — упраўленне адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і міжраённы аддзел Дзяржаўтаінспекцыі па абслугоўванні Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Навагрудскага РАУС.
З уступным словам да ўдзельнікаў алімпіяды звярнуўся старшы дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ Аляксандр Палуян, які агучыў яе мэты: прапаганда Правілаў дарожнага руху сярод вучняў устаноў адукацыі, прывіццё вучням навыкаў бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах, удасканальванне форм і метадаў работы па папярэджанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.
У правядзенні раённай алімпіяды на веданне Правілаў дарожнага руху прынялі ўдзел вучні восьмых і дзявятых класаў школ раёна — 22 удзельнікі з 11 устаноў адукацыі. Для іх быў арганізаваны конкурс «Тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху», падчас якога вучні адказвалі на тэкставыя заданні білетаў. Трэба было бачыць, як яны стараліся даць правільныя адказы і прытым за лічаныя хвіліны — і многім удавалася гэта зрабіць. Як адзначыў у гэтым выпадку старшы дзяржаўтаінспектар, дарога памылак не даруе.
Падведзены вынікі алімпіяды. Пераможцамі сярод юнакоў выйшлі Данііл Макавецкі з ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» (першае месца), Дзмітрый Лопух з ДУА «Жухавіцкая сярэдняя школа» (другое), Глеб Пляскач з ДУА «Ярэміцкая базавая школа» (трэцяе); сярод дзяўчат — Дар’я Кадуцкая з ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» (першае месца), Аліна Валынец з ДУА «Ярэміцкая базавая школа» (другое), Кацярына Бушэйка з ДУА «Райцаўская сярэдняя школа» (трэцяе).
Пераможцы ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ