Кіраўнік Карэліцкага УКП БАН Ала Маковік: «У аснове паспяховай працы ляжыць карпатлівая праца кожнага работніка прадпрыемства»
Быт, як вядома, – вельмі важны фактар развіцця нашага грамадства. Шмат у чым падтрымліваць парадак і наводзіць прыгажосць дапамагаюць арганізацыі, якія аказваюць бытавыя паслугі. У іх ліку – Карэліцкае УКП бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Хоць раз у жыцці, але кожны з нас карыстаўся паслугамі па рамонце абутку, цырульні або звяртаўся, каб пашыць або адрамантаваць адзенне. Без такіх арганізацый цяжка ўявіць свой побыт. У Карэліцкім УКП БАН шыюць вырабы на заказ, рабочую вопратку для прадпрыемстваў, пасцельныя прыналежнасці, аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву, ажыццяўляюць рознічны і аптовы гандаль, а таксама вытворчую дзейнасць.
Кіраўнік прадпрыемства Ала Маковік, расказваючы аб дзейнасці камбіната, падкрэсліла, што ў аснове паспяховай працы ляжыць карпатлівая праца кожнага работніка прадпрыемства:
– Сёння калектыў камбіната – гэта 59 чалавек, адданых любімай справе. Увесь згуртаваны і моцны калектыў камбіната імкнецца да таго, каб бездакорна абслугоўваць насельніцтва. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ўсе працуюць добрасумленна, адказна ставяцца да даручанай справы. Многія ўжо не адзін дзясятак гадоў адданыя сваёй прафесіі, маюць дастатковы вопыт работы.
Карэліцкае УКП БАН нясе на сабе ўсе абавязкі па абслугоўванні насельніцтва раёна. Кожны, хто да нас звяртаецца, ведае, што мы заўсёды працуем на карысць чалавека. Наша галоўная мэта – зрабіць жыццё жыхароў Карэліччыны больш камфортным.
Вядома, што скарыць вяршыню лягчэй, чым затым утрымацца на ёй. Работнікам службы быту Карэліччыны ўдалося дасягнуць значных вынікаў працы: з году ў год мы займаем лідзіруючыя пазіцыі ў Гродзенскай вобласці сярод прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. Пастаянны пошук удасканальвання метадаў работы, меры па павышэнні якасці выпускаемай прадукцыі, паслуг, пашырэнне зоны абслугоўвання, увядзенне новых відаў прадукцыі і паслуг разам з добра вядомымі дазволілі ў мінулым годзе дасягнуць выдатных вытворчых паказчыкаў. Аб тым, што наша дзейнасць запатрабаваная, кажуць лічбы. Мяркуйце самі: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг склала 2747 тыс. рублёў, што вышэй за ўзровень 2021 года на 565 тыс. рублёў. Аб’ём аказаных бытавых паслуг склаў 362 тыс. рублёў. На 116,2% вырасла і намінальная заработная плата работнікаў прадпрыемства. Чысты прыбытак у 2022 годзе склаў 21 тыс. рублёў. Рэнтабельнасць продажаў – 0,4%.
Наша прадпрыемства штогод прымае ўдзел у розных выставах-кірмашах, выязных гандлях на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску, фестывалях нацыянальных мастацтваў у Гродне “Вытокі”, “Крок да Алімпу”, якія праходзіў у Навагрудку.
Такіх добрых вынікаў мы змаглі дасягнуць дзякуючы прафесіяналізму нашых супрацоўнікаў. Сфера паслуг – адна з самых складаных, тут працуюць вельмі цярплівыя, адданыя сваёй прафесіі людзі, таму вельмі цяжка вызначыць лепшых.
Больш за 50% выручкі прадпрыемства атрымана ад рэалізацыі прадукцыі за межамі раёна. Сумесна з прыёмшчыкамі заказаў ажыццяўляюць выязное абслугоўванне сельскага насельніцтва вадзіцелі Сяргей Вярбіцкі і Аляксандр Сачко.
Больш за 30 гадоў дапамагаюць і жанчынам, і мужчынам выглядаць модна і стыльна цырульнікі Ганна Логіш і Святлана Расюкевіч.
Дзякуючы залатым рукам закройшчыц Галіны Карвігі, Ірыны Кергет, швачак цэхаў індывідуальнага пашыву і рамонту адзення, масавага пашыву Ганне Базар, Ганне Шчэмер, Таццяне Бязмен, Галіне Жэлязоўскай, якія працуюць на прадпрыемстве больш за 30 гадоў, рэчы набываюць сучасны таварны выгляд і высокую якасць.
Граматна выконваюць свае прафесійныя абавязкі галоўны бухгалтар Ларыса Гінак і галоўны эканаміст Святлана Ямелька. Заўсёды можна разлічваць і на кампетэнтнасць галоўнага інжынера Валянціны Невяроўскай.
Прадавец магазіна “Поспех”, які размяшчаецца ў будынку УКП БАН, Ганна Раманюк заўсёды гасцінна сустрэне пакупнікоў і дапаможа ім выбраць патрэбны тавар. На яе жаночых плячах ляжыць адказнасць не толькі за работу магазіна, але і аптовыя пастаўкі тавараў, а таксама частковае забеспячэнне таварамі комплексных прыёмных пунктаў.
На пяці комплексных прыёмных пунктах аказваецца 16 відаў паслуг, з іх 11 з’яўляюцца сацыяльна значнымі. Не магу не адзначыць добрасумленную і якасную працу прыёмшчыка КПП «Жухавічы» Наталлі Малышчык, якая працуе на прадпрыемстве амаль 30 гадоў.
Паважаныя калегі і ветэраны службы быту!
Наша прафесійнае свята – выдатная магчымасць выказаць вам сардэчную падзяку і пажадаць моцнага здароўя, радасці, дабрабыту, далейшых поспехаў і дасягненняў, цікавых планаў і задумак, узаемаразумення з калегамі і кліентамі. Выключныя словы цеплыні адрасую ветэранам галіны, тым людзям, што дзесяцігоддзямі шчыра працавалі і ўкладвалі душу ў любімую працу. Шчасця вам! Каб вы, вашы родныя і блізкія былі здаровыя, каб любы занятак прыносіў вам задавальненне, каб утульнасць і душэўная атмасфера напаўнялі вашы дамы!
Віншуем з узнагародай!
Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджана цырульнік Карэліцкага УП КБА Маргарыта Буцкевіч.
Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў адзначана праца загадчыка магазіна “Поспех” Ганны Раманюк.
Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі Карэліцкага УП КБА ўзнагароджаны бухгалтар Іна Вайцешык, рабочы па вырабе рытуальных вянкоў Святлана Бусько, прыёмшчык заказаў КПП «Жухавічы» Наталля Малышчык, прадавец выязднога гандлю Таісія Хамко, майстар швейнага цэха Таццяна Уласевіч, кравец Святлана Гук, цырульнік Ганна Логіш, швачка Ганна Шчэмер.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара