В Кореличах состоялось заседание районного штаба по наведению порядка на земле
У Карэлічах адбылося пасяджэнне раённага штаба па навядзенні парадку на зямлі пад кіраўніцтвам старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.
У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васілій Шлык, кіраўнікі землеўпарадкавальнай службы райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, старшыні сельвыканкамаў.
Адкрываючы пасяджэнне, Генадзій Шатуеў адзначыў, што праца па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі ў раёне вядзецца вялікая. Але, на жаль, застаецца шэраг праблемных пытанняў, у першую чаргу звязаных з нядобрасумленным стаўленнем землекарыстальнікаў і землеўладальнікаў да навакольнага асяроддзя.
Як далажыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Саковіч, у рамках маніторынгу правераны 10 суб’ектаў гаспадарання і зона адказнасці ДРБУ-158. Праверкай былі ахоплены 42 жывёлагадоўчыя аб’екты, прыдарожныя палосы, палосы адводу, прыпынкі грамадскага транспарту. На кожным аб’екце ўстаноўлены парушэнні. Так, на 18 фермах з 42 назіралася расцяканне гноезмяшчальнай вадкасці. Пробы грунту былі накіраваны ў лабараторыю, якая, паводле папярэдніх дадзеных, ужо ўстанавіла тры факты прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю. Акрамя таго, выяўлены несанкцыянаваныя звалкі з другасных матэрыяльных адходаў (тары з-пад мыючых сродкаў, ПЭТ-бутэлькі, поліэтыленавая плёнка) і будаўнічага смецця на тэрыторыях сельскагаспадарчых аб’ектаў. Усе суб’екты гаспадарання атрымалі ўведамленні аб навядзенні парадку. Зараз спецыялісты інспекцыі праводзяць праверку выканання. У дачыненні да службовых асоб, якія дапусцілі паўторныя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства ці не ліквідавалі раней выяўленыя парушэнні, будуць прыняты меры адміністрацыйнага спагнання. Сума штрафу складае да 30 базавых велічынь. У выпадку, калі службовая асоба не будзе ўстаноўлена, спагнанне на юрыдычную асобу можа складаць да 1000 базавых велічынь.
Таксама райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правераны гаражныя кааператывы, дзе таксама маюцца парушэнні. Не ва ўсіх кааператывах устаноўлены кантэйнеры для збору смецця, сустракаюцца несанкцыянаваныя звалкі цвёрдых камунальных адходаў.
— Адказнасць за непарадак ляжыць на землекарыстальніках і землеўладальніках, якія ў самыя кароткія тэрміны павінны ліквідаваць усе недахопы і прывесці ў належны стан замацаваныя тэрыторыі, — сказаў Генадзій Шатуеў. — Трэба не проста навесці парадак, але і падтрымліваць яго належным чынам, а не чакаць, калі прыедзе праверка.
У ходзе пасяджэння штаба былі выказаны крытычныя заўвагі ў адрас асобных кіраўнікоў сельгасарганізацый і старшыняў сельсаветаў з нагоды невыканання патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, неналежнай арганізацыі работы па навядзенні і падтрыманні парадку на зямлі.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара