28 красавіка ў Карэлічах адбыўся ”Забег Міру”, які даў старт урачыстым мерапрыемствам Першамая

Усе жадаючыя прыняць удзел у спартыўным мерапрыемстве ў 15 гадзін сабраліся каля мемарыяльнага комплексу “Зорка”, што ў г.п. Карэлічы.

Арганізатары “Забегу Міру” – сектар спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама і Карэліцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Гэтае спаборніцтва, як і многія іншыя, што будуць арганізаваны раённай арганізацыяй у гэтым годзе, накіравана на фарміраванне ўсвядомленага разумення кожным чалавекам важнасці захавання гістарычнай памяці, умацавання ў грамадстве ідэй міру і стваральнай працы як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы.
На старце сабраліся актывісты арганізацый раёна, навучэнцы устаноў адукацыі. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўдзельнікаў забегу павітаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Яўген Чычкан, які падзякаваў усім за выказанае жаданне прыняць удзел у забегу і адзначыў:
– Сённяшняе спартыўнае мерапрыемства праводзіцца напярэдадні Дня працы. Заняткі спортам — гэта ў першую чаргу фарміраванне здаровага ладу жыцця, атрыманне зараду бадзёрасці і, вядома ж, станоўчых эмоцый і добрага настрою. Ад усёй душы кожнаму жадаю ўдачы!
На старце сваімі эмоцыямі і думкамі падзяліліся ўдзельнікі забегу.
Начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік адзначыў:
— Сённяшняшні забег праходзіць у рамках Года міру і стварэння і прымеркаваны да Свята працы. Лічу, што падобныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей. Яны накіраваны на кансалідацыю грамадства на аснове ідэй міру і стварэння, а супрацоўнікі РАНС заўсёды гатовыя прыняць удзел. У нас няма мэты паспаборнічаць. Мерапрыемства для задавальнення і добрага настрою.
Пастаянная ўдзельніца розных спартыўных мерапрыемстваў, арганізаваных у раёне, Святлана Рамановіч з СВК “Жухавічы” падзялілася:
— У кросе прымаю удзел не адна, прыехала з мужам Аляксандрам. Мы заўсёды займаем актыўную пазіцыю, любім розныя спартыўныя спаборніцтвы, стараемся прывіваць любоў да спорту і  быць заўсёды прыкладам сваім дзецям. Мы добра разумеем, што менавіта бацькі першымі закладваюць правільныя каштоўнасці: любоў да Радзімы, павагу да старэйшых, папулярызацыю заняткаў спортам і здаровага ладу жыцця. Усім удзельнікам хочацца пажадаць лёгкага старту.
Тым часам скончылася размінка, удзельнікі падрыхтаваліся да старту, дружны адлік секунд да пачатку забегу … пабеглі! У спакойным тэмпе, весела, падбадзёрваючы адзін аднаго, у суправаджэніі аўтамабіляў ДАІ і “Хуткай дапамогі” ўдзельнікі забегу накіраваліся ў бок аўтавакзала, затым — да капліцы, што знаходзіцца на вуліцы Гагарына, дзе іх чакаў фініш. Рэдкія прахожыя, вадзіцелі аўтамабіляў, якія сустракаліся на шляху, падбадзёрвалі бегуноў, а некаторыя нават гаварылі, што наступны раз таксама прымуць удзел у падобным мерапрыемстве.

— Далёка не кожны зможа прабегчы такую дыстанцыю, — сказаў усім удзельнікам пасля забегу Яўген Чычкан. — Я вельмі рады, што ўсе змаглі яе пераадолець. Дзякуй вам за ўдзел.

Усім удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны памятныя дыпломы.

Нягледзячы на тое, што забег не з’яўляўся спаборніцкім, нельга не адзначыць, што першым на фініш прыбег слесар аварыйна-аднаўленчых работ ВУ “Лідагаз” “Карэліцкага раёна газазабеспячэння ВРУП ”Гроднааблгаз” Уладзімір Логіш:

— Наша арганізацыя заўсёды выстаўляе сваю каманду. Мы прымаем удзел у многіх спартыўных спаборніцтвах, і гэтае не стала выключэннем. Да таго ж я з дзяцінства займаюся бегам, займаю прызавыя месцы. Кожны ведае, што ў здаровым целе — здаровы дух, таму вельмі важна падтрымліваць свой арганізм.

Самым маладым удзельнікам забегу стаў шасцікласнік Лукскай СШ Аляксандр Максімовіч. Нягледзячы на юны ўзрост (Сашы ўсяго 12), ён пераадолеў дыстанцыю нароўні з усімі.

— Бегчы было няпроста, — кажа Саша. — Але я сабраўся, пастараўся не адстаць ад астатніх. Мне падабаецца бегаць, я прымаю ўдзел у спаборніцтвах, стараюся паказаць сябе з лепшага боку.

 

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара і Сяргея СТОЛЯРА