Ваенным камісарыятам Беларусі — 105 гадоў. Начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін: «Армія пачынаецца з ваенкамата»

8 красавіка супрацоўнікі ваенных камісарыятаў адзначаюць прафесійнае свята. Менавіта ў гэты дзень, у 1918 годзе, быў падпісаны Дэкрэт Савецкага ўрада, які заснаваў мясцовыя апараты па фарміраванні Чырвонай Армііваласныя, павятовыя, губернскія і акруговыя камісарыяты па ваенных справах. Галоўнай задачай утвораных апаратаў стала падрыхтоўка насельніцтва да вядзення абавязковага вайсковага абавязку. Сваёй асноўнай функцыі ваенныя камісарыяты не страцілі да гэтага часу. Пра асаблівасці сучаснай ваеннай службы і адносіны юнакоў да арміі мы пагаварылі з начальнікам адасобленай групы ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргеем Шаліным.

Вядучы спецыяліст Дар’я Лустач, начальнік адасобленай групы
ваеннага камісарыята, маёр Сяргей Шалін, вядучыя спецыялісты Ганна Мазура
і Канстанцін Зарубайка

— Сяргей Аляксандравіч, вядома, што мужчыны, якія прайшлі тэрміновую службу, запатрабаваны ў сілавых структурах.

— Сувязь паміж ваеннай службай і сілавымі структурамі наладжана на працягу многіх гадоў. Існуе некалькі прычын, па якіх людзі, што прайшлі тэрміновую службу, карыстаюцца вялікім попытам у сілавых структурах. Па-першае, ваенная падрыхтоўка забяспечвае высокі ўзровень дысцыпліны, фізічнай падрыхтоўкі і разумовай вынослівасці, якія з’яўляюца неабходнымі якасцямі для супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Па-другое, ваенная служба часта звязана з сітуацыямі, якія патрабуюць хуткага мыслення і навыкаў прыняцця рашэння, — якасцяў, якія таксама высока цэняцца ў сілавых органах. Акрамя таго, ваенная служба прадастаўляе людзям вопыт лідарства і каманднай работы, што таксама вельмі важна.

— Сучаснае ўзбраенне — гэта складаныя тэхнічныя сістэмы, для кіравання якімі патрэбны глыбокія веды і вопыт. Якія спецыяльнасці і навыкі запатрабаваны ў сучаснай арміі?

— Сучасная армія патрабуе разнастайнага спектру спецыяльнасцей і навыкаў, сярод якіх тэхнічныя веды, медыцынскія ўменні, лідарскія навыкі. Таксама высока цэняцца салдаты з моцна развітым крытычным мысленнем. У арміі вядзецца значная падрыхтоўка ваенных спецыялістаў. Юнакоў вучаць карыстацца складанымі тэхнічнымі прыстасаваннямі, што ў далейшым можа спатрэбіцца ім і ў звычайным жыцці.

— Як юнакі адносяцца да ваеннай службы?

— Адносіны юнакоў да ваеннай службы з’яўляюцца прадметам дыскусій на працягу многіх гадоў. У апошні час адбыліся значныя змены ў тым, як хлопцы ўспрымаюць ваенную службу. Значную ролю адыгрывае Інтэрнэт. Будучыя прызыўнікі могуць прачытаць неправераную і непраўдзівую інфармацыю, якая кампраментуе Узброеныя Сілы, і з-за гэтага ў іх не будзе жадання ісці служыць. Але ёсць і тыя юнакі, якія зацікаўлены ў ваеннай службе. Для некаторых гэта сямейная традыцыя альбо пачуццё абавязку перад сваёй краінай. Для іншых гэта спосаб атрымаць каштоўныя навыкі і вопыт, якія могуць стаць карыснымі ў будучай кар’еры. У цэлым, можна сказаць, што ёсць шмат юнакоў, гатовых служыць на карысць сваёй Радзімы.

— Якія задачы стаяць перад сучасным ваенкаматам?

— Многія памылкова думаюць, што ваенны камісарыят займаецца толькі прызывам юнакоў у армію. Акрамя гэтага, мы з’яўляемся злучным звяном паміж грамадствам і Узброенымі Сіламі па многіх накірунках дзейнасці, сярод якіх, акрамя мабілізацыйнай і ўлікова-прызыўной работы, арганізацыя сістэм кіравання тэрытарыяльнай абаронай, ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, забеспячэнне сацыяльнай падтрымкі ваенных пенсіянераў і ветэранаў.

— Ці застаецца ў Вас вольны ад работы час? Чым Вы любіце займацца?

— Вольнага часу па-за службай застаецца вельмі мала, а той, што ёсць, я стараюся ўдзяляць сваёй сям’і, родным і блізкім. Таксама люблю рыбалку. Гэта дае мне магчымасць пабыць на свежым паветры ў спакойнай абстаноўцы, у далечыні ад тлуму паўсядзённага жыцця. Адзінства з прыродай дапамагае атрымаць зарад энергіі для наступнага выканання задач на працы.

— Што б Вы хацелі пажадаць калегам напярэдадні свята?

— У гэты дзень асобныя словы ўдзячнасці хочацца выказаць усім тым, хто ў розныя гады служыў і працаваў у сістэме ваенных камісарыятаў. Хто праходзіў службу і тым, хто працуе зараз. Хачу пажадаць усім моцнага здароўя, шчасця, актыўнай жыццёвай пазіцыі, міру, дабра і поспехаў у высакароднай справе служэння Айчыне.

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара