22 апреля — День судебного эксперта. Судебный эксперт-стажер из г.п. Кореличи Максим Пацко рассказывает о тонкостях профессии

На шчасце, далёка не ўсе з нас становяцца ўдзельнікамі і ахвярамі злачынстваў.  Аднак пра тое, пры якіх абставінах і якім чынам яны звычайна здзяйсняюцца, уяўленне мае кожны. Падобную крымінальную інфармацыю падкідваюць гледачам і штодзённыя серыялы такога характару, і выпускі навін. У рэагаванні, а пазней – у раскрыцці злачынстваў актыўны ўдзел прымаюць не толькі супрацоўнікі правапарадку, крымінальнага вышуку, следчага камітэта, але і судовыя эксперты.

Напярэдадні прафесійнага свята судовы эксперт-стажор Карэліцкага экспертна-крыміналістычнага сектара Навагрудскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз  Максім Пацко пра сваю работу распавядае вельмі натхнёна, з іскрай у вачах.

– Максім Уладзіміравіч, чаму Ваш выбар спыніўся менавіта на гэтай прафесіі?

– Прыехаў я ў г.п. Карэлічы з Лідскага раёна. У дзяцінстве, напэўна, усе хлопчыкі мараць стаць міліцыянерам, але я на службу ў органы прыйшоў не адразу.  У 2018 годзе закончыў агранамічны факультэт Гродзенскага  аграрнага дзяржуніверсітэта, крыху папрацаваўшы па спецыяльнасці ў Салігорскім раёне,  пайшоў у армію. А калі адслужыў, то па рэкамендацыі роднага дзядзькі, які доўгі час аддаў працы  ў МУС, вырашыў звязаць свой далейшы лёс з органамі. Таму, можна сказаць, выбар прафесіі судовага эксперта  цяпер ужо цалкам усвядомлены. Я толькі пачынаю сваю працоўную дзейнасць у якасці эксперта, таму немалую частку маёй паўсядзённай працы складае ўдзел  у правядзенні аглядаў месцаў здарэнняў, часцей пажарышч. Для ўдасканалення  ў прафесіі  завочна вучуся ў ДУА  “Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь”.

– Што найбольш цікава ў Вашай працы?

– Асабліва натхняюць тыя моманты, калі ты сам, асабіста, грунтуючыся на  навыках, ведах і ўменнях,  дапамагаеш у раскрыцці злачынства. А ўвогуле, судовая экспертыза  цікавая мэтанакіраваным, амбіцыйным, гатовым да пастаяннага самакантролю і самаўдасканалення людзям, якія, нягледзячы на выхадныя і святы, будуць працаваць з поўнай самааддачай. Прычым  неабходна самастойна прыйсці да дадзенага выбару і, зрабіўшы яго, прытрымлівацца і дасягаць  прафесійных вышынь.

– Усе ведаюць, што да прыбыцця следча-аператыўнай групы на месца здзяйснення злачынства ніхто не мае права што-небудзь чапаць або перасоўваць, таксама староннім асобам туды ўваход забаронены. Гэтыя меры прымаюцца для таго, каб захаваць сляды злачынства… А якія дзеянні вашы супрацоўнікі праводзяць перш за ўсё?

– Гэта  фотаздымка на месцы здарэння, усё як ёсць. Далей эксперт-крыміналіст прымае ўсе меры для выяўлення і збору доказаў, да якіх прынята адносіць пэўныя сляды і прадметы.  А разам з гэтым і фотаздымка, больш дэталёвая. Задача спецыяліста выявіць, зафіксаваць і выключыць сляды злачынства. Увесь знойдзены на месцы здарэння  біялагічны матэрыял  па рашэнні следчага адпраўляецца на экспертызу.

– Наколькі важна Ваша заключэнне ў ходзе расследавання крымінальных спраў? Ці мае судовы эксперт права на памылку?

– Адназначна не. Ад правільнасці і дакладнасці праведзенай судовай экспертызы залежыць жыццё і лёс чалавека, высновы даследавання кладуцца ў аснову абвінаваўчага або апраўдальнага прысуду.

– Які выезд на агляд месца здарэння Вам запомніўся больш за ўсё?

– Выездаў пакуль што было небагата. Адзін з такіх –  пажар у агр. Аюцавічы, што забраў жыццё чалавека.  Быць сведкам і бачыць жахлівыя карціны заўсёды псіхалагічна вельмі складана.

– Якімі якасцямі павінен валодаць судовы эксперт?

– Для працы экспертам у першую чаргу неабходна мець вялікую вытрымку і маральную ўстойлівасць, таму што часта даводзіцца сутыкацца з адваротным бокам злачыннага свету, выбываць на месцы здзяйснення здарэнняў, прымяняць спецыяльныя метады для выяўлення і фіксацыі слядоў. Кожны эксперт праходзіць першапачатковую падрыхтоўку і здае экзамены для самастойнага ўдзелу ў аглядах месцаў здарэнняў і правядзення экспертыз. Свае веды неабходна пастаянна ўзбагачаць новай інфармацыяй, быць у курсе сучасных метадаў і тэндэнцый. Трэба быць гатовым да бесперапыннага прафесійнага навучання, уключаючы самастойнае навучанне.

– Дома аб працы думаеце?

– Патрабаванні да сябе ў мяне дастаткова высокія, таму цалкам не магу абстрагавацца. Бывае, пасля выезду на агляд месца здарэння, пасля вяртання, некалькі разоў пракручваю ў галаве падзеі, свае дзеянні: ці нічога не ўпусціў, ці была магчымасць яшчэ нешта выявіць.

– Што  хочацца пажадаць  калегам у Ваша прафесійнае свята?

– З нагоды прафесійнага свята  жадаю  ўсім   шчасця і здароўя, поспехаў у службе і сямейнага дабрабыту, годнай ацэнкі  працы і заўсёды ўдалага завяршэння спраў, верных сяброў побач і надзейных калег. Хай  шанц будзе вашым вечным спадарожнікам, а высокі прафесіяналізм – візітнай карткай!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара