26 апреля — День чернобыльской трагедии. Ликвидатор аварии на ЧАЭС из Кореличей Валерий Колбаско вспоминает события тех лет
37 гадоў таму нябачная небяспека ў адзін момант перавярнула лёсы дзясяткаў тысяч сем’яў. Пажар на Чарнобыльскай АЭС ператварыў мірны атам у некіруемую сілу. Пад пагрозай апынуліся здароўе і жыцці жыхароў гарадоў, райцэнтраў і малых вёсак. Неймаверны ўрон быў нанесены і прыродзе. Маштабы катастрофы на ЧАЭС немагчыма пераменшыць, як і мужнасць тых, хто з рызыкай для здароўя і жыцця абараняў насельніцтва ад ядзернага смерчу. У радыусе 30 км ад АЭС створана зона адчужэння, з якой было эвакуіравана каля 270 тыс. чалавек. Людзі не ведалі, што з’язджаюць з нажытага месца назаўжды. Яны кінулі рэчы, набытае дабро, пакінулі хатніх гадаванцаў, якім наканавана было загінуць у апусцелых населеных пунктах.
Больш за 600 тыс. чалавек некалькі гадоў працавалі над ліквідацыяй наступстваў аварыі, не шкадуючы свайго здароўя. Потым іх назвалі “ліквідатарамі”. Адным з іх быў Валерый Калбаска, які сёння жыве ў райцэнтры. Напярэдадні гадавіны трагедыі ён падзяліўся ўспамінамі аб камандзіроўцы, якая запомнілася яму на ўсё жыццё.
– У зону забруджання накіроўвалі вадзіцеляў, пажарных, міліцыянераў, шахцёраў, салдат тэрміновай службы і запасу… Людзі розных прафесій ехалі з усяго СССР. У 1986 годзе мне было 27 гадоў, працаваў я міліцыянерам-канваірам ізалятара для часовага ўтрымання аддзела ўнутраных спраў Карэліцкага райвыканкама. У ліпені 1992 года на два месяцы быў камандзіраваны ў радыяцыйную зону, горад Чачэрск Гомельскай вобласці, – успамінае Валерый Уладзіміравіч. – Мне пашчасціла: тых жахаў, якія расказваюць пра Чарнобыль, мне бачыць не давялося. Самае цяжкае, з чым сутыкнуўся, – гэта невядомасць. За шэсць гадоў пасля трагедыі ўжо шмат чулі пра радыяцыю, але як яна ўплывае на чалавека? Было разуменне і ўсведамленне, што гэта нешта страшнае, але нічога канкрэтнага.
Па прыездзе ў Чачэрск часовым домам для маладога чалавека стаў інтэрнат:
– Тых, хто прыехаў разам са мной з Гродзенскай вобласці, было каля дваццаці чалавек. Нашай галоўнай задачай была ахова грамадскага парадку. Мы ажыццяўлялі патруляванне па аўтамаршрутах, змагаліся са злачыннасцю, абаранялі пакінутую маёмасць ад марадзёраў. Дзяжурыць у выселеных вёсках зоны было жудасна, – расказвае ліквідатар. – Ідзеш па вуліцы сярод дамоў у могілкавай цішыні – жыцця няма нідзе. Толькі ў некаторых вёсках можна было сустрэць некалькі старых людзей, якія адмовіліся выязджаць з родных дамоў. Пасля двух месяцаў службы на забруджанай тэрыторыі вярнуўся дадому, дзе чакалі і перажывалі родныя. Да 2010 года працаваў міліцыянерам-канваірам Карэліцкага РАУС, пасля выхаду на заслужаны адпачынак сядзець склаўшы рукі не стаў: уладкаваўся вартаўніком на ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”.
Час няўмольна бяжыць наперад. Разглядаючы пажоўклыя фотаздымкі-сведчанні трагедыі 37-гадовай даўніны, я задала суразмоўцу пытанне, ці не шкадуе ён пра тое, што давялося перажыць падчас нясення службы ў РАУС? І ён адказаў:
– Нягледзячы на небяспеку для здароўя, ніколі не лічыў, што дні службы ў Чарнобыльскай зоне страчаны дарма, але гэтыя старонкі біяграфіі ўспамінаць не люблю. Героі бываюць падчас вайны. А мы проста выконвалі свой абавязак. Проста працавалі.
У гісторыі кожнага народа, кожнай краіны ёсць людзі, чые імёны не гучаць на кожным кроку, але іх дапамога і самаадданасць неацэнныя. Яны ціхія героі вайны з нябачным ворагам пад назвай радыяцыя. Тыя, для каго неабходнасць выканання пастаўленай задачы важней, чым здароўе, асабісты час і любімая сям’я…
Віншуем з узнагародай!
У рамках рэспубліканскай акцыі МУС «Па абавязку службы і закліку сэрца» напядэдадні Дня Чарнобыльскай трагедыі старшыня ветэранскай арганізацыі Аляксандр Кандрусік і старшы інспектар групы кадраў Карэліцкага РАУС Аляксандр Шыдлоўскі ўручылі нагрудныя знакі “За заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” ліквідатарам Аркадзію Аркадзьевічу Русаку і Валерыю Уладзіміравічу Калбаску.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва героя публікацыі