У Карэлічах прайшло пасяджэнне Савета Карэліцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў

У Карэлічах прайшло пасяджэнне Савета Карэліцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў.

У рабоце Савета прынялі ўдзел старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Надзея Сцяпура, старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. Таксама на пасяджэнне былі запрошаны прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

З дакладам “Аб выніках работы Савета Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў за 2022 год і задачах на 2023 год” выступіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка, якая ў сваім выступленні адзначыла, што ў Карэліцкім раёне дзейнічаюць 82 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, якія прадстаўляюць 11 галіновых прафсаюзаў і чатыры раённыя прафсаюзныя арганізацыі. Прафсаюзы Карэліччыны аб’ядноўваюць больш за 6000 чалавек.

Прамоўца засяродзіла ўвагу на тым, што важным складнікам працы ўсіх прафсаюзных арганізацый з’яўляецца разгляд зваротаў і прыём грамадзян. За 2022 год у раённае аб’яднанне прафсаюзаў паступіла 22 звароты, па тэлефоне за кансультацыяй звярнулася 38 чалавек. Выдатна сябе зарэкамендавалі прафсаюзныя прававыя прыёмы, падчас якіх прававыя інспектары працы галіновых прафсаюзаў сумесна з прадстаўнікамі пракуратуры разглядаюць пытанні, з якімі звяртаюцца людзі. Праходзяць такія прыёмы кожны апошні чацвер месяца. У 2022 годзе прайшло сем такіх прыёмаў.

Лідзія Мікалаеўна звярнула ўвагу і на заробак працаўнікоў. Так, у Карэліцкім раёне за студзень-снежань 2022 года намінальная сярэднямесячная заработная плата ўзрасла ў параўнанні з 2021 годам на 19,3% і склала 1197 руб. На працягу года запазычанасць па яе выплаце не дапускалася, і за гэта яна выказала вялікую падзяку сацыяльным партнёрам і кіраўнікам арганізацый.

Адным з асноўных напрамкаў работы прафсаюзаў з’яўляецца ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы, паляпшэнні ўмоў працы работнікаў, прафілактыцы вытворчага траўматызму. На прадпрыемствах Карэліччыны кантроль ажыццяўляюць 176 грамадскіх інспектараў, што дапамагае выявіць і прадухіліць рознага роду парушэнні. Так, пры правядзенні маніторынгаў, аказання практычнай дапамогі за 2022 год накіравана 15 рэкамендацый па ліквідацыі 87 парушэнняў патрабаванняў аховы працы. Таксама ў раёне працуе мабільная група па ахове працы, у рабоце якой прымаюць удзел старшыні раённага аб’яднання і райкама АПК. Па выніках праведзеных мабільнай групай маніторынгаў за мінулы год выдадзена 51 рэкамендацыя з прапановамі аб ухіленні 295 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы.

Нягледзячы на ўсю неабходную і значную работу па правядзенні маніторынгаў, выяўленні парушэнняў і кантроль за імі, не ўдаецца пазбегнуць або мінімізаваць вытворчы траўматызм. Так, за 12 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Карэліцкага раёна назіраецца рост агульнага ўзроўню вытворчага траўматызму з 4 да 7, у тым ліку траўматызму з цяжкім зыходам з 0 да 2; выпадкаў, якія не адносяцца да цяжкай ступені, — з 4 да 5. Няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам не дапушчана.

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў адзначыў, што прафсаюзы павінны чуць людзей і ведаць пра іх праблемы. Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Надзея Сцяпура засяродзіла ўвагу на тым, што прафсаюзы павінны імкнуцца да таго, каб працаўнікамі захоўваліся правілы тэхнікі бяспекі:

— Работнік павінен жывым і здаровым прыйсці на працу, і такім жа здаровым вярнуцца дадому.

Старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка, дырэктар ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна» Інэса Сямібратава, намеснік старшыні СВК «Свіцязянка-2003» па ідэалагічнай рабоце Алена Клаўсуць, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Карэлічы-Лён» Наталля Дасько і намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Надзея Сцяпура

Граматай Прэзідыума Савета Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў за шматгадовую добрасумленную працу ўзнагародзілі казначэя прафсаюзнага камітэта СВК «Свіцязянка-2003» Алену Клаўсуць і начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іну Богуш.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара