Открытие агроусадьбы, права на недвижимость, дорожный вопрос. Геннадий Шатуев провел личный прием граждан
Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў правёў асабісты прыём грамадзян.
Жыхарка г.п. Мір цікавілася магчымасцю правядзення каналізацыі па вул. Кастрычніцкай. Генадзій Шатуеў даручыў Мірскаму сельвыканкаму правесці сустрэчу з людзьмі, вывучыць пытанне. Калі большасць людзей выкажацца за, то трэба стварыць кааператыў. Праектна-каштарысная дакументацыя вызначыць магчымасці ўладкавання сістэмы і яе кошт.
Жыхар г. Мінска арандуе ў пасёлку Першамайскі пустуючы будынак магазіна, які належыць КСУП «Царука». Патроху прыводзіць у парадак і памяшканне, і прылеглую тэрыторыю, плануе адкрыць аграсядзібу.
— Якім чынам я магу набыць будынак і зямлю? — пацікавіўся мужчына.
— Вам трэба напісаць заяву на адрас уласніка маёмасці. У дадзеным выпадку будынак будзе перададзены бязвыплатна рашэннем сесіі раённага Савета дэпутатаў. Затым пачнецца працэс выдзялення зямельнага ўчастка. Калі ласка, працуйце, стварайце ўтульнасць, прыцягвайце турыстаў, — сказаў кіраўнік раёна.
Фермер Уладзімір Рабкоў, які вырошчвае ў вёсцы Даўгінава слімакоў і прымае турыстаў нават з краін СНД, паскардзіўся на стан дарогі да вёскі. З надыходам восені палатно ператвараецца ў непраходную паласу перашкод. Генадзій Шатуеў сказаў, што ў курсе гэтай праблемы і будзе вырашаць яе пры падтрымцы РУП «Гроднааблдарбуд».
На прыём да старшыні райвыканкама таксама звярнуліся грамадзяне з пытаннямі правоў на нерухомую маёмасць, адводу вады з дваровай тэрыторыі, прадастаўлення зямельнага ўчастка для вядзення фермерскай гаспадаркі.
— Галоўнае ў працы са зваротамі грамадзян — не даваць пустых абяцанняў, — адзначае старшыня райвыканкама. — Праблемы неабходна вырашаць аператыўна, у першую чаргу тыя, якія датычацца пытанняў навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання. Гэтыя задачы ставіць і Кіраўнік дзяржавы. Безумоўна, нейкія пытанні адразу немагчыма вырашыць з-за пэўных абставінаў, але выпадкаў, калі праблемы людзей адкладваюцца ў доўгую скрыню некалькі гадоў запар, быць не павінна.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара