Падарожнічаем па турмаршруце «Гісторыя яўрэяў у Міры»

Пасёлак Мір. У многіх ён асацыіруецца выключна з Мірскім замкам, што не дзіўна. Калі ўвесці ў радок пошуку слова “Беларусь”, то адным з першых убачыш фотаздымак менавіта Мірскага замка. Але ў пасёлку ёсць што паглядзець і акрамя старажытнага волата. Мір — месца з багатай гісторыяй. Ва ўсе часы тут мірна жылі і працавалі прадстаўнікі розных канфесій і нацыянальнасцей, сярод якіх былі і яўрэі.

Па дадзеных ізраільскіх гісторыкаў, першыя яўрэі пасяліліся ў мястэчку ў ХVII стагоддзі. У Міры яны займаліся гандлем, ліхвярствам, некаторымі відамі рамяства (ткацтвам, цяслярствам). Два разы на год у мястэчку праходзілі кірмашы, на якія прыязджалі купцы з усёй Рэчы Паспалітай. На кірмашах яўрэі гандлявалі футрам, коньмі, зернем, прысмакамі, тытунем, віном і іншымі таварамі.

Яўрэі жылі галоўным чынам у цэнтры Міра. Большую частку яўрэйскай абшчыны складалі беднякі.

У кнізе беларускіх гісторыкаў І. Раманавай і І. Махоўскай пра мястэчка ёсць такія радкі: “Цэнтрам Міра з’яўлялася рынкавая плошча. Па перыметры рынкавай плошчы ў два рады размяшчаліся яўрэйскія крамы. Магазінаў было шмат. Уся цэнтральная плошча была ў магазінах. Усе магазіны яўрэйскія, але быў адзін польскі дзяржаўны…

У цэнтры ў магазінах было вельмі прыгожа. Калі багаты чалавек заходзіў у магазін, яўрэй дарагое прапаноўваў, калі бедны, то таннае. Усе такія невялікія лавачкі, яўрэі там гандлявалі і селядцамі, і прадуктамі. Яўрэі гандлявалі ўсім, чым можна: гузікамі, тапачкамі, адзеннем, прадуктамі. Прадавалі селядцы, рыбу, хлеб, ніткі, іголкі. У яўрэя Азэльма ў магазіне чаго толькі ні было: і цыроп, і сыры, і селядцы такія прыгожыя, а семачак белых мяхі стаялі. Самым багатым яўрэем быў Рабіновіч. Ён меў два сваіх магазіны”.

Экскурсія “Гісторыя яўрэяў у Міры” пачынаецца з Рыначнай плошчы, якая цяпер мае назву 17 Верасня. Менавіта тут калісьці размяшчаўся рынак і кіпела жыццё. У самім цэнтры пасёлка Мір раскінулася некалькі кварталаў вельмі цікавай і прывабнай радавой гарадской забудовы канца XIX-пачатку XX стагоддзя. Пры гэтым адзінкавыя будынкі, якія ўваходзяць у склад гэтай гістарычнай забудовы, адносяца нават да XVII стагоддзя.

Да нашых дзён дайшлі выдатныя архітэктурныя аб’екты, звязаныя з побытам і рэлігіяй яўрэйскай абшчыны. Можна лічыць, што ў Міры захаваўся адзіны ў Беларусі комплекс будынкаў “сінагагальнага двара”, так званыя “халодная” і “цёплая” сінагогі, школа, а таксама будынкі кагалу і іешывы.

Ад плошчы накіроўваемся да музея гісторыі і культуры г.п. Мір “Мірскі пасад”, створанага Віктарам Сакелем. Ветлівы гаспадар цікава расказвае пра гісторыю яўрэяў у пасёлку, на вітрынах — унікальныя экспанаты, сярод якіх, напрыклад, элементы скураной Торы XIX стагоддзя, “чароўнае” люстэрка, старадаўні патэфон, на якім сёння, як і больш за стагоддзе таму, можна паслухаць музыку. Экспанаты музея сабраны самім уладальнікам музея падчас пошукавых мерапрыемстваў.

Сам будынак, у якім размяшчаецца музей, з’яўляецца будынкам былой карчмы. Ёсць меркаванне, што менавіта тут калісьці Уладзіслаў Сыракомля і сустрэў знакамітага паштальёна “ямшчыка”, які расказаў яму пра гісторыю свайго кахання, якая паслужыла сюжэтам раманса “Когда я на почте служил ямщиком”.

Развітваемся з гаспадаром і пераходзім да сучаснага атэля “Мірскі пасад”, што размяшчаецца ў будынку самай вялікай сінагогі, якую называлі таксама “халоднай”. Гэты будынак быў пабудаваны па праекце 1896 года ў стылі класіцызму. Сінагога (“дом сходаў”) служыла месцам збору і цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця яўрэяў. “Халоднай” яна называлася, бо тых пячурак, што меліся ў памяшканні, не хапала, каб апаліць яго. У асноўным “халодная” сінагога выкарыстоўвалася для правядзення святаў. Па дадзеных іншых крыніц, гэты будынак з’яўляўся часткай Мірскай іешывы.

Пры сінагозе функцыянавала малітоўная школа “Высікун” (ад слова “Васікін” — той, хто пачынае маліцца да світання). Згодна з гістарычнымі дакументамі, праект будаўніцтва каменнай двухпавярховай школы быў адобраны 7 верасня 1893 года. Па просьбе вернікаў, якія не мелі грошай на будаўніцтва, купец першай гільдыі Вульф Млелаў Чорны-Шварц пачаў будаўнічыя работы на свае сродкі, пра што даў пісьмовае пацверджанне. Будаўніцтва завяршылася вельмі хутка, бо ўжо ў красавіку 1894 года быў складзены акт, які пацвердзіў завяршэнне будаўнічых работ. У тым жа месяцы быў атрыманы дазвол на правядзенне набажэнстваў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны памяшканне было перабудавана. Пачынаючы з 1950 г., у ім знаходзілася агульнаадукацыйная школа, а ў апошнія часы — вучэбна-вытворчы камбінат.

У будынку сучаснага рэстарана “Мірскі пасад” таксама была размешчана сінагога, пабудаваная ў першай палове ХІХ стагоддзя. Падчас пажару 1892 года будынак быў спалены, таму вернікі, якія маліліся ў гэтым памяшканні, на агульным сходзе вырашылі пабудаваць новы. Нягледзячы на тое, што сінагога была невялікая па памеры, будавалі яе дастаткова доўга, работы зацягнуліся ў сувязі з недахопам грошай. Будаўніцтва завяршылася толькі ў верасні 1909 года, а ў сакавіку наступнага года быў атрыманы дазвол на завяршэнне грамадскага набажэнства.

Непадалёк размяшчаецца гарадская бібліятэка, дзе раней знаходзіўся хедар, — рэлігійная пачатковая школа. Насупраць яе раней быў дом, у якім жыў равін. У суседнім з хедарам будынку мясціўся пансіён, у якім жылі навучэнцы рэлігійнай школы.

Купецкая сінагога, якую называлі “цёплай”, знаходзілася ў будынку, дзе раней быў размешчаны філіял “Беларусбанка”. На будынку відаць элементы архітэктурнага дэкору — барэльефныя востраканечныя элементы, якія ўказваюць на месца захавання Торы ў сінагозе.

У былым памяшканні дзіцячага садка некалі размяшчаўся кагал (адміністрацыйны кіраўнічы орган яўрэйскай абшчыны).

Ад цэнтра пасёлка крочым на поўдзень. Завулак Першамайскі. Тут размяшчалася яшчэ адна сінагога, пры якой знаходзілася малітоўная школа “Жухавіцкая рамесніцкая”.

Будынак школы неаднаразова перабудоўваўся пасля пажараў. Першы раз агонь знішчыў школу 9 жніўня 1892 года, будынак аднавілі, але праз два гады, 5 красавіка 1894 года, зноў здарыўся пажар. На гэты раз міране ўзвялі каменны будынак, будаўніцтва якога завяршылася ў маі 1897 года. Але на гэтым іспыты для вернікаў не закончыліся: 27 ліпеня 1898 года будынак у чарговы раз пацярпеў ад пажару, але ўжо вельмі хутка, ужо ў верасні гэтага года, ён быў адноўлены. З таго часу памяшканне амаль не змяніла свой знешні выгляд і ўяўляе сабой класічны выгляд сінагогі на тэрыторыі Беларусі.

Непадалёк размешчаны абеліск, узведзены ў 1967 годзе ў памяць аб 700 яўрэйскіх жыхарах Міра, якія былі расстраляны ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Ад абеліска вяртаемся на вуліцу Кірава, да будынка пошты. На сцяне размяшчаецца шыльда: “У гэтым будынку да 1939 года размяшчалася знакамітая Мірская яшыва, заснаваная ў 1815 годзе. У яе сценах навучалася да 500 студэнтаў, сярод якіх былі грамадзяне ЗША, Аўстраліі, а таксама краін Еўропы і Паўднёвай Афрыкі. Яшыву “Мір” называлі яшывай кіраўнікоў яшыў, паколькі большасць кіраўнікоў і выкладчыкаў яшыў напярэдадні Другой сусветнай вайны былі яе вучнямі. Сёння дзякуючы выкладчыкам і вучням яшыва “Мір” аднавіла сваю працу і з’яўляецца буйнейшай юдэйскай рэлігійнай навучальнай установай з галоўнымі філіяламі ў Ерусаліме і Нью-Ёрку”. Таксама на будынку размешчана мемарыяльная дошка ў гонар Праведніка народаў Свету Сугіхара Ціунэ, японскага дыпламата, які выратаваў ад немінучай гібелі ў гады Халакосту шэсць тысяч яўрэяў, сярод якіх былі слухачы Мірскай іешывы.

 

17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Мірская іешыва на чале з Іегудай Фінкелем пераехала ў сталіцу Літвы — Каўнас. Студэнты гэтай іешывы абклалі амбасады еўрапейскіх дзяржаў у Каўнасе, але ўсюды чулі адмовы іх прыняць. Ва ўсёй Еўропе знайшлася толькі адна краіна, якая працягнула руку дапамогі мірскім студэнтам, — Галандыя. Улады гэтай краіны дазволілі ўцекачам прыняць іх у сваіх каланіяльных уладаннях — Кюрасао і галандскай Гвіяне (Сурынаме). Але каб дабрацца да гэтых калоній, трэба было пераадолець доўгі шлях, які пралягаў праз тэрыторыі СССР і Японіі.

У адпаведнасці з дагаворам ад 14 чэрвеня 1940 г. у Літву ўвайшлі часці Чырвонай Арміі. Кіраўніцтва СССР пагадзілася выпусціць уцекачоў і прапусціць студэнтаў Мірскай іешывы па тэрыторыі Савецкага Саюза. Цяпер усё залежала ад пазіцыі Японіі. Натоўпы ўцекачоў з Міра штурмавалі будынак японскага консульства ў Каўнасе. І тут шчасце ўсміхнулася ім. Консул Ціунэ Сугіхара, парушыўшы Прадпісанне свайго ўрада, вырашыў выдаць ім візы.

Па дадзеных нямецкага гісторыка А. Фрыдмана, з 31 ліпеня да 28 жніўня 1940 г., Сугіхара выдаваў да 300 віз у дзень. Студэнт іешывы “Мір” рэбэ Мошэ Зупнік, сабраўшы ўсе неабходныя дакументы, прыйшоў у японскае консульства для таго, каб атрымаць візу для сябе. Але ён змог дамовіцца аб выдачы яшчэ 300 віз для ўсёй іешывы. Консул фізічна не паспяваў аформіць візы, і тады яму пачалі дапамагаць сам Зупнік і некалькі яго сяброў, якія скапіравалі запаветныя дакументы сваімі рукамі. Яны не ведалі японскай мовы. І таму прозвішчы ўсіх іешыботнікаў аказаліся аднолькавымі — “Рабіновіч». Па іншых дадзеных — “Голдберг». Студэнты Мірскай іешывы разам з іншымі ўцекачамі дабраліся на цягніку да Масквы, а потым па Транссібірскай магістралі да Уладзівастока. Японскія памежнікі прапусцілі тры сотні Рабіновічаў у Кобе, дзе іешыва жыла цягам некалькіх месяцаў.

У 1985 г. Ціунэ Сугіхара быў прызнаны «Праведнікам народаў свету». Нашчадкі выратаваных студэнтаў Мірскай іешывы, дзякуючы візам Сугіхары, налічваюць сёння каля 40 тысяч чалавек.

У 1947 г. Мірская іешыва падзялілася. Адна частка студэнтаў на чале з рэбэ Фінкелем накіравалася ў Эрэц-Ісраэль, а іншая – у Нью-Ёрк. У цяперашні час сотні студэнтаў вывучаюць Тору і Талмуд у іешывах «Мір» у Ерусаліме і Брукліне.

Ад будынку пошты накіроўваемся на поўнач, дзе размяшчаюцца старыя яўрэйскія могілкі. Па адных дадзеных, яны былі заснаваны ў XVI стагоддзі. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што датай стварэння могілак з’яўляецца 1731 год. У час фашысцкай акупацыі большасць магіл былі разбураны, немцы выкарыстоўвалі надмагільныя камяні ў якасці будаўнічага матэрыялу пры рамонце дарог. Злева ад уваходу на могілкі ляжыць сцяжынка, якая вядзе да пахавання Ерухама хай-Леві Лейбовіча, сына Аўраама, духоўнага лідэра і настаўніка мясцовай іешывы, аўтара некалькіх рэлігійных кніг. Магіла 1936 года з’яўляецца месцам паломніцтва яўрэяў усяго свету.

Ад могілак вяртаемся на вуліцу Танкістаў, дзе недалёка ад Мірскага дзяржаўнага каледжа знаходзіцца абеліск, узведзены ў памяць аб расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі мірных жыхарах пасёлка. На гэтым месцы ў 1941 г., праз тры месяцы пасля акупацыі, немцы, выконваючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, арганізавалі ў Міры першае гета. Яно знаходзілася ў самім пасёлку і займала жылы квартал. У яго перасялілі ўсіх яўрэяў мястэчка, каля трох тысяч чалавек. У першай “акцыі” па знішчэнні яўрэйскага народа ў ліпені 1941 года было забіта 20 яўрэяў. Падчас другога масавага расстрэлу, у лістападзе 1941 года, было забіта больш за 1600 чалавек. 2 сакавіка 1942 года знішчылі яшчэ 750 мірскіх яўрэяў.

 

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара