Как необычно провести выходные всей семьей в Кореличском районе
У кожнага ёсць малая Радзіма. Гэта паняцце настолькі шырокае, што кожны сам вызначае яго змест па-своему. Можна параўнаць чалавека з дрэвам і тое месца, дзе яго карані, і ёсць Радзіма. Нам заўсёды хочацца вярнуцца туды, дзе мы нарадзіліся і выраслі. З гэтым месцам звязаны самыя першыя, самыя чыстыя ўспаміны, тут усё пачынаецца з дзяцінства.
Бацькі Галушка Дар’і — адны з тых, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю і лічаць, што лепшы адпачынак той, які праведзены з сям’ёй. А яшчэ лепш, калі ён прынясе карысць сыну Ільі і дачушцы Дашы. Таму вырашана, што маршруту выхаднога дня быць! Сёння — курс на Асташын.
І вось маленькая жыхарка Асташына атрымала першае заданне: неабходна вызначыць, чаму вёска носіць такую назву. На дапамогу прыходзіць старэйшы брат Ілья: разгледзеўшы старыя карты разам з бацькамі, можна з упэўненасцю сказаць, што Асташын — адна са старэйшых вёсак Карэліцкага раёна. Першы ўспамін пра яе адносіцца да 1428 года. Значыць, ёй ужо 595 гадоў! Тады гэтай тэрыторыяй валодаў князь Вітаўт, які падараваў землі сваёй жонцы Ульяне. “Ostaszyn” пераводзіцца як “астатні”. Мабыць, адсюль і назва. Такія паняцці як “сям’я”, “вуліца”, “вёска” добра зразумелыя дашкольніцы, можна рухацца далей!
Час звярнуцца да гісторыі, якую добра ведае тата Андрэй. Раней Асташын складаўся з дзвюх частак: Асташын мураваны і Асташын драўляны (цяпер тэрыторыя вёскі Баяры). Маёнтак ў Асташыне драўляным прастаяў амаль 200 гадоў, цяпер на яго месцы толькі камяністы фундамент. Асташын мураваны і Асташын драўляны былі злучаны тапалінай алеяй. Галоўныя дзверы мураванай часткі выходзілі на невялікі вадаём, які знаходзіцца праз дарогу.
На цяперашні час ад маёнтка засталіся 3 пабудовы: калясачная, амбар і будынак для рабочых. Першая сусветная вайна разбурыла Асташын, але не цалкам. Чаму менавіта тут вяліся баі? Адказ схаваны ў Асташыне мураваным: на вуглу дома для рабочых ёсць пункт трыангуляцыі: стары геадэзійскі знак, які паказвае дакладныя каардынаты, узровень над морам. Таму пад час вайны тут быў створаны артылерыйскі пункт.
Цікава з дзецьмі наведаць старыя пабудовы, паглядзець, як зроблена сістэма абагрэву будынка, як размешчаны сістэмы дымаходаў. Стары амбар на 4 слупах стаў “сучаснай хатай у этнічным стылі”. Мураваныя скляпы, што прастаялі дзве сусветныя вайны, рады вітаць гасцей. Замест балота — чысты вадаём, “панскія домікі”, як кажуць у народзе, або аграсядзіба “Баяры” ветліва адчыніць дзверы для гасцей, а гаспадар раскажа асташынскую гісторыю.
Наступны прыпынак — Кальвінісцкі храм, які быў узведзены ў канцы 16 ст. і меў памеры ўсяго 8,5*12 м! Служба вялася ўсяго 1 раз у год — на Каталіцкае Раство. Цяпер мы зможам убачыць толькі ўзгорак, дзе захаваліся часткі помніка з надпісамі на польскай мове.
Ідзём далей. Час дзяліцца паданнямі матулі Яне. Жыў у вёсцы святар, службу вёў. Не спадабалася Чорту, што людзі да Бога звярнуліся, і вырашыў Чорт дзверы храма падперці. Узяў вялізны камень і ідзе, ледзь ногі цягне. Змарыўся, стаў адпачыць, а ў гэты час певень заспяваў. Знік Чорт, як і не было яго, а камень так і застаўся ляжаць. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца Асташынскі помнік прыроды Рэспублікі Беларусь.
Доўгае было падарожжа, змарыліся і дарослыя, і дзеці. Ці патрэбна гэта ім? Краязнаўства — гэта такі “бацькоўскі куфар”, сукупнасць ведаў, што пакінулі нам продкі. Гэта жывая легенда і бабуліны расказы, звычаі роднага краю і прыродныя багацці, працоўныя дасягненні бацькі і маці, подзвігі дзядоў і бабуль… Паступова, ад прагулкі да прагулкі, ад экскурсіі да экскурсіі ў дзяцей складваецца вобраз роднага краю, сваёй малой Радзімы.
Добрых Вам сямейных выхадных!
В.В. Свінцова,
выхавальнік ДУА “Лукскі дзіцячы сад Карэліцкага раёна”