В Кореличском райисполкоме состоялось заседание комиссии по противодействию коррупции

У Карэліцкім райвыканкаме адбылося пасяджэнне камісіі па супрацьдзеянні карупцыі.

У рабоце камісіі пад старшынствам Генадзія Шатуева прынялі ўдзел намеснік пракурора раёна Віктар Аўдакушын, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама. На пасяджэнні разгледзелі пытанні аб выкананні патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства, таксама размова ішла аб прычынах і ўмовах, якія садзейнічалі ўчыненню карупцыйных злачынстваў. Інфармацыю для аналізу агучылі начальнік РАУС Аляксей Гаўрош і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Маісеенка.

Усяго ў 2022 годзе ў Карэліцкім раёне выяўлена 3 карупцыйныя злачынствы (у 2021-м было два). Усе тры факты — гэта крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Злачынствы выяўлены ў сферы аграпрамысловага комплексу, у сферы органаў улады і кіравання Карэліцкага раёна. Здзяйсненне такіх злачынстваў, як правіла, абумоўлена жаданнем узбагаціцца за чужы кошт.

— Карупцыя — бар’ер на шляху развіцця краіны, падрывае эканоміку, разбурае давер грамадства да дзяржаўных органаў, спрыяе арганізаванай злачыннасці, — адзначыў Генадзій Шатуеў. — У Беларусі агульнымі намаганнямі карупцыю ўдалося ўтаймаваць: створаны і рэалізаваны эфектыўныя механізмы дзяржаўнай антыкарупцыйнай палітыкі.

На пасяджэнні кіраўнікам яшчэ раз нагадалі аб адказнасці за ўчыненне такіх злачынстваў, таму што пакуль аб ліквідацыі гэтых негатыўных з’яў гаварыць не прыходзіцца.

Камісія працягне сваю работу ў адпаведнасці з планам.

Каментарый намесніка пракурора Карэліцкага раёна Віктара Аўдакушына:

— У 2022 годзе пракуратурай Карэліцкага раёна праведзена пяць праверак выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, у тым ліку тры праверкі аб закупках, па выніках якіх унесена чатыры прадстаўленні, вынесена адно прадпісанне, абвешчана адно афіцыйнае папярэджанне, прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці 8 асоб, да матэрыяльнай адказнасці — дзве юрыдычныя асобы на агульную суму 2886 рублёў.

Выяўлены парушэнні заканадаўства ў частцы афармлення пісьмовых абавязацельстваў па выкананні антыкарупцыйных абмежаванняў, мелі месца выпадкі непрыняцця мер па спагнанні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, устаноўлены парушэнні заканадаўства пры здачы ў арэнду аб’ектаў нерухомай маёмасці, а таксама асобныя парушэнні заканадаўства аб закупках за кошт бюджэтных і ўласных сродкаў.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

1