Лідзія Шэўка: «Выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт»
Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 5 Карэліцкага райвыканкама сустрэліся з жыхарамі Ярэміцкага сельскага Савета.
Па асноўнай тэме адзінага дня інфармавання насельніцтва «Ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь» слова трымала старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, намеснік кіраўніка ІПГ № 5 райвыканкама Лідзія Шэўка. Прамоўца падрабязна і дэталёва прааналізавала Пасланне Кіраўніка краіны, засяродзіўшы ўвагу на галоўных яго накірунках: захаванні адзінства, суверэнітэту, міру. «Беларусь — мірная краіна і павінна заставацца мірнай. Наша задача — мірная і стваральная праца», — зазначыла Лідзія Мікалаеўна. У яе выступленні прагучала меркаванне аб тым, што «выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт».
У Пасланні закрануты таксама пытанні захавання інстытута сям’і, дыспансерызацыі насельніцтва, эканомікі, адукацыі і многія іншыя, якія датычаць кожнага з нас. «Кожны грамадзянін павінен добрасумленна працаваць на рабочым месцы і мацаваць суверэнітэт нашай краіны», — адзначыла Лідзія Шэўка.
На сустрэчы была абмеркавана дадатковая тэма: «Палы сухой расліннасці», і засяроджана ўвага прысутных на захаванні правілаў пры навядзенні парадку на зямлі і спальванні смецця.
Ад ярэміччан паступілі два пытанні. Першае тычылася размяшчэння ядзернай тактычнай зброі. Лідзія Шэўка дала тлумачэнне, што «для абароны сваіх межаў гэтае пытанне будзе разглядацца. Колькі існуе замахаў — і ў нас павінен быць адказ».
Жыхар адной з вёсак сельсавета паскардзіўся на тое, што не працуе тэлефон. Начальнік Карэліцкага ўчастка электрасувязі Слонімскага занальнага вузла электрасувязі Гродзенскага філіяла РУП «Белтэлекам» Дзмітрый Манчынскі паабяцаў вырашыць гэтае пытанне.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Юліі ГУЦУЛЯК