В Кореличском районе объемы мелиорации в 2023 году вырастут в два раза
Меліярацыя — складаны і важны працэс, які ўключае ў сябе прымяненне розных метадаў для паляпшэння структуры глебы. Мэтай гэтага працэсу з’яўляецца павышэнне ўрадлівасці, і, як вынік, павелічэнне прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі. Тым, хто працуе на зямлі, не трэба тлумачыць, наколькі важна даглядаць меліяраваныя палі. Не дзіўна, што тэмпы землеўпарадкавання на пастаянным кантролі ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які не раз падкрэсліваў, што меліярацыя — галоўная задача дзяржавы ў пытанні ўрадлівасці земляў.
СКАЗАНА:
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
— У парадку дня тэма не новая, але важнейшая для нашай сельскай гаспадаркі. Не буду спрачацца, калі нехта крытыкуе, што мы, можа, не зусім своечасова пачалі гэту другую або трэцюю хвалю па меліярацыі. Мною прынята настойлівае рашэнне, жалезнае рашэнне аб тым, што нам трэба меліярацыя. Нават сёння пытанне ў нас стаіць шырэй — гэта не толькі меліярацыя, гэта культура земляробства. Вядома, меліярацыя — гэта асноўнае звяно. Як бы ні было цяжка, два-тры гады — мы павінны рэалізаваць тыя планы, якія некалі намецілі на дзесяць гадоў. Мы іх не выканалі, не выконваем і ў гэтым годзе. Але я атрымаў запэўненні ўрада і асабіста віцэ-прэм’ера, што запланаваныя на бягучы год плошчы меліярацыі будуць выкананы.
На плянарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады па аднаўленні і выкарыстанні меліяраваных зямель у Талачынскім раёне,
11 лістапада 2022 года
Разам з намеснікам дырэктара — галоўным інжынерам Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Дзмітрыем Мазалём і начальнікам Карэліцкага ўчастка Дзятлаўскага ПМС Васіліем Баўдзеем прыязджаем на тэрыторыю КСУП “Царука”, дзе ў дадзены момант праходзіць культуртэхнічная меліярацыя. Пакуль едзем, Дзмітрый Іванавіч расказвае, што на Дзятлаўскім прадпрыемстве актыўна ідзе абнаўленне тэхнікі:
— У мінулым годзе мы набылі новы бульдозер “BEL-DOZER SD16L”, новы імпарты экскаватар “LOVOR FR220D”, на якім на карэліцкім участку працуе дзятлаўскі механізатар. Літаральна на тым тыдні прыйшоў яшчэ адзін такі ж экскаватар, які мы набылі спецыяльна для карэліцкага ўчастка. У цэлым мы стараемся своечасова абнаўляць наш тэхнічны парк. За апошнія два гады набылі прыкладна дваццаць адзінак тэхнікі. Увогуле наша прадпрыемства па вытворчых паказчыках адно з першых у вобласці.
У мінулым годзе ў Карэліцкім раёне былі праведзены меліярацыйныя мерапрыемствы на плошчы 725 га. Рэканструкцыя меліярацыйных земляў была праведзена на тэрыторыях СВК “Жухавічы” і КСУП “Лукі-Агра”. Культуртэхнічная меліярацыя, якая ўключае ў сябе комплекс работ па расчыстцы земляў ад хмызняку, травы, купін, пнёў, праведзена на тэрыторыях КСУП “Племзавод Карэлічы”, КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, ДП “Лукі-Агра”, СВК “Жухавічы”. На плошчы ў 121 га праведзена культуртэхнічная меліярацыя на немеліярыраваных землях СВК “Жухавічы”. Асвоены новыя сельскагаспадарчыя землі каля вёскі Беразавец (КУСП “Чарняхоўскі-Агра”). Усе работы прафінансаваны сродкамі з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.
— У 2022 годзе на рамонта-эксплуатацыйныя і культуртэхнічныя работы, тэхнічны рамонт намі было асвоена 2 млн 690 тыс. рублёў, — расказвае Дзмітрый Мазоль. — Больш паловы гэтай сумы — 1 млн 445 тыс. рублёў было асвоена ў Карэліцкім раёне. У 2023 годзе на Карэліччыне плануем правесці работы на 3 млн 722 тыс. рублёў, з якіх на рэканструкцыю меліярацыйных сістэм выдзелены 1 млн 653 тыс. руб., на рамонтна-тэхнічныя работы — 304 тыс. руб., на тэхнічны дагляд — 662 тыс. руб., культуртэхнічныя работы — 853 тыс. рублёў. На рэканструкцыю шлюза-рэгулятара ў СВК “Маяк-Заполле” накіравана 250 тыс. рублёў.
На месцы нас сустракае механізатар Аляксандр Панасенкаў. Мужчына кажа, што працуе ў Дзятлаўскім ПМС 33 гады:
— Праца нялёгкая, але важная. Раней было больш складана: у старых трактарах не працавалі печкі, зімой у кабіне мог ляжаць снег. Цяпер у нас новая тэхніка, на якой працаваць лягчэй. Аб’ём работ значны, але наша праца вельмі важная. Шчыруем з сямі гадзін раніцы да сямі вечара. Праца падабаецца.
Аграном КСУП “Царука” Сяргей Гушчэня (на фота) расказвае, што ў гэтым годзе на тэрыторыі прадпрыемства меліярацыйныя работы плануюцца на 607 га.
— Пасля правядзення асушвання на адноўленых плошчах будуць засеяны шматгадовыя травы, — кажа Сяргей Васільевіч. — Зразумела, што ўраджайнасць на такіх землях будзе вышэйшай.
З цягам часу прырода пакрысе адваёўвае свае тэрыторыі. На калісьці апрацаваных тэрыторыях растуць дрэвы і хмызняк, з’яўляюцца купіны. Задача меліяратараў — аднавіць гэтыя плошчы, зноў зрабіць іх прыдатнымі для апрацоўкі і засявання культур. Дзмітрый Мазоль кажа, што цяпер меліяратары не распрацоўваюць новыя землі, а даглядаюць раней асушаныя:
— Мы праводзім рэканструкцыю тых палёў, якія пэўны час не абслугоўваліся гаспадаркамі. Прыводзім іх у той стан, які яны набылі пасля першапачатковай меліярацыі. Але праводзіцца праца і на раней немеліяраваных землях, якія далучаем да сельскагаспадарчых угоддзяў. Так, каля вёскі Беразавец стаяла неэксплуатуемае памяшканне канюшні. Мы выраўнялі глебу і далучылі да поля.
У планах меліяратараў на 2023 год — правядзенне рэканструкцыі частак меліярацыйных сістэм у КСУП “Царука” і КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, рэканструкцыя меліярацыйных сістэм у КСУП “Лукі-Агра”, “Царука”, СВК “Свіцязянка-2003”, правядзенне культуртэхнічнай меліярацыі на землях КСУП “Царука”, “Лукі-Агра”, “Чарняхоўскі-Агра”, КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, рамонт меліярацыйных сістэм у КСУП “Лукі-Агра” і КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, рэканструкцыя шлюза-рэгулятара ў СВК “Маяк-Заполле”. Усяго меліяратары плануюць павялічыць аб’ём выкананых работ у два разы і правесці меліярацыйныя мерапрыемствы на плошчы ў 1397 га.
Дзейнасць па рэканструкцыі і захаванні меліяраваных земляў вельмі важная. Кожны кавалачак апрацаванай зямлі дасць свой плюс у скарбонку будучых ураджаяў.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара