Памятаць пра вайну, каб яна не паўтаралася

Вялікая Айчынная вайна стала самай жудаснай падзеяй на тэрыторыі Беларусі. Сотні вёсак былі спалены разам з сваімі жыхарамі, карнікі знішчалі ўсіх, нягледзячы на тое, хто стаіць перад імі, стары чалавек ці жанчына з немаўляткам на руках. У страшэннай завірусе загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны.

Дзякуючы гераізму і ахвярнасці салдат і патрызанаў землі Беларусі былі вызвалены ад захопнікаў. І вельмі важна захаваць памяць аб тых, хто набліжаў Перамогу, удзельнічаў у вызваленчых баях, абараняў родныя гарады і вёскі, працаваў у тыле. На жаль, з кожным годам сведкаў вайны становіцца ўсё меней.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Кошур і вучні СШ №1 райцэнтра наведалі малалетняга вязня Надзею Нікіфараўну Меляняка і пажадалі, каб жахі, якія зведалі на сваім вяку ўдзельнікі вайны, ніколі не паўтарылася.





— З сённяшняга дня пачынаецца цудоўная акцыя, ініцыяваная Кіраўніком дзяржавы, у ходзе якой матэрыяльную дапамогу ў Беларусі атрымаюць каля 10 тысяч чалавек: інваліды, удзельнікі вайны, людзі, узнагароджаныя ордэнамі і медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — расказала Іна Аляксандраўна.

— Жадаем Вам мірнага неба над галавой, шчасця і здароўя. Каб мы сустракаліся з Вамі як мага часцей і Вы заўжды выдатна выглядалі, — пажадалі гаспадыні госці.

У сваю чаргу Надзея Нікіфараўна пажадала ўсім, асабліва дзецям, якія прыйшлі яе павіншаваць, заўжды памятаць пра тую жудасную вайну і рабіць усё магчымае, каб яна не паўтарылася.

Наступнай павіншавалі ветэрана вайны Анастасію Якаўлеўну Грышыну, удзельніцу бітвы за Сталінград. Жанчына прызналася, што памятае ўсіх сваіх саслужыўцаў:

— Яны часта ўсплываюць у маёй памяці. Тады я была самай маладой, таму і памятаю іх, — расказала Анастасія Якаўлена.

Для ветэранаў з музычным нумарам выступілі кіраўнік гуртка “Музычная шкатулка” ЦСАН Мікалай Друцька і яго ўдзельніца Тамара Юрчык. Песня, якую выканалі артысты, кранула сэрцы жанчын.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара