Генадзій Шатуеў: «Самы час навесці парадак на воінскіх пахаваннях, мемарыяльных комплексах і іншых месцах баявой і воінскай славы»
— Самы час навесці парадак на воінскіх пахаваннях, мемарыяльных комплексах і іншых месцах баявой і воінскай славы, — сказаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў падчас штотыднёвай рабочай нарады.
На календары хутка май, і значыць, самае галоўнае і самае памятнае веснавое свята — Дзень Перамогі. Ва ўсіх кутках краіны пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, да помнікаў і магіл загінулых абаронцаў Радзімы прыйдуць ветэраны, дзеці і дарослыя, каб ускласці кветкі і аддаць даніну памяці тым, хто ваяваў за мірнае неба над нашымі галовамі або загінуў ад варожых куль. Цяпер, у гэтыя красавіцкія дні, — самы час навесці парадак на воінскіх пахаваннях, мемарыяльных комплексах і іншых месцах баявой і воінскай славы.
Тэрыторыя Карэліччыны багатая воінскімі пахаваннямі абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў — усяго іх 81, і знаходзяцца яны ў розных кутках раёна. Усе яны замацаваны за сельгасарганізацыямі раёна, якія закліканы падтрымліваць гэтыя аб’екты ў належным стане, пры неабходнасці рамантаваць іх і штогод наводзіць парадак на прылеглай тэрыторыі.
Напярэдадні Дня Перамогі кожнаму ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, а іх у Карэліцкім раёне чацвёра, будзе нададзена асаблівая ўвага з боку мясцовай улады і грамадскасці.
На Карэліччыне рыхтуецца багатая Праграма святкавання 9 Мая, у якой прадугледжаны традыцыйны маладзёжны аўтапрабег «Гваздзіка памяці», устаноўка памятных таблічак у вёсках, пацярпелых ад рук акупантаў, а таксама культурна-патрыятычная акцыя «Полымя гонару за Перамогу». У асноўны дзень святкавання, 9 мая, у Карэлічах жыхароў і гасцей раёна чакае насычаная праграма.
Іна ЛЕЙКА