Семья Крутько переехала из Тюмени в г.п. Мир 30 лет назад
У календары красавіцкіх святаў дваццаць тры гады таму з’явілася новая дата – 2 красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, якая сімвалізуе братэрскі саюз нашых народаў. Для грамадзян дзвюх краін гэта асаблівае свята, напоўненае сваім асаблівым сэнсам. Беларусь і Расія – адна вялікая і дружная сям’я, бо ў нас агульная гісторыя, звычаі і традыцыі, і людзі, чые лёсы непарыўна звязаны з дзюма дзяржавамі. У Карэліцкім раёне зарэгістравана 214 чалавек, якія пераехалі да нас з Расіі.
Ніна Аркадзьеўна і Уладзімір Іванавіч Круцько разам з дзвюма дочкамі і сынам прыехалі ў Беларусь з Цюмені ў 1993 годзе. І вось ужо на працягу трыццаці гадоў шчыруюць на карэліцкай зямлі, у г.п. Мір.
– Мае бацькі родам з Беларусі. У той час, калі асвойваліся цалінныя землі, яны паехалі ў Казахстан, каб зарабіць грошай, там я і нарадзіўся, – расказвае Уладзімір Іванавіч. – Потым лёс распарадзіўся так, што я трапіў у Цюмень, дзе пазнаёміўся з Нінай, мы ажаніліся. Жылі ў пасёлку Туртас. Я працаваў сталяром, а жонка – пекарам, гадавалі дзяцей, трымалі гаспадарку. У верасні 1992 года прыехалі ў Мінск у госці да стрыечнага брата і проста палюбілі гэты край. Прыгожая прырода, цудоўны клімат, утульны горад. Адразу адважыліся на пераезд. Ужо ў студзені я прыехаў у Беларусь спачатку адзін, знайшоў работу, уладкаваўся, а ў маі перавёз сям’ю. Працаваў цесляром на рэстаўрацыі Мірскага замка, потым у будаўнічай брыгадзе ў г. Стоўбцы.
Да размовы далучылася і гаваркая гаспадыня Ніна Аркадзьеўна, якая паспяшалася расказаць, што яна і пасля пераезду з Расіі ў Беларусь працягвала займацца любімай справай. Працавала пекарам спачатку ў пякарні ў пасёлку, а потым у прадпрымальніка, а праз некаторы час паспрабавала пачаць сваю справу. Радуе, што хутка ўдалося пабудаваць дом, і зараз яна адчувае сябе сапраўднай гаспадыняй. Дзеці ўжо выраслі, знайшлі сябе, стварылі сем’і. А сапраўдная радасць і гонар жанчыны – пяцёра ўнукаў і два праўнукі. За гады жыцця ў Беларусі прызвычаіліся і палюбілі беларускія традыцыі.
– Увогуле, культура і традыцыі беларускага і расійскага народаў пераплятаюцца. Магчыма, таму што нарадзілася я яшчэ пры СССР, і ўсе нашы народы я бачу чымсьці цэласным і непарыўным, а таму лічу Радзімай як Расію, так і Беларусь. За той час, што жыву ў г.п. Мір, ніколі не пашкадавала, што калісьці адважыліся на пераезд. Ніякіх складанасцей і непаразумення ад таго, што я расіянка, жыву ў іншай краіне, ніколі не было, – прызнаецца Ніна Аркадзьеўна і працягвае: – Я люблю працаваць на зямлі, у Беларусі ад гэтага атрымліваеш сапраўдную асалоду: вельмі лагодны клімат і камары не кусаюць. Мы заўсёды садзім агарод, хочам, каб на стале была свежая гародніна, вырашчаная сваімі рукамі. Каля хаты ў нас шмат кветак, ёсць і свой сад. Раней трымалі вялікую гаспадарку, а зараз засталіся толькі куры. Люблю, каб усюды быў парадак: і ў хаце, і на падворку.
Вось так Беларусь стала для сям’і Круцько другой Радзімай. Менавіта тут атрымалі сужэнцы магчымасць далей займацца любімай справай, пасадзілі сад, а ў 2022 годзе прынялі грамадзянства Рэспублікі Беларусь, але ў далёкіх успамінах па-ранейшаму – шчаслівае жыццё ў Сібіры.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара