У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі праведзена дыялогавая пляцоўка на тэму: «Незажываючы людскі боль і горкая памяць»

З нагоды Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі была арганізавана дыялогавая пляцоўка на тэму: «Незажываючы людскі боль і горкая памяць». Яе ўдзельнікамі сталі работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, ветэраны працы, вучні школ райцэнтра.

Адкрыла сустрэчу навуковы супрацоўнік музея Марыя Беленава, якая зрабіла экскурс у тыя далёкія гады і падрабязна расказала пра існаванне канцлагераў і пра тыя жудасныя ўмовы, у якіх жылі вязні. Ужо сам факт гаворыць сам за сябе: 18 мільёнаў чалавек прайшло праз фабрыкі смерці. А яшчэ тое, што даводзілася жыць без ежы, вады, цяпла, многія страцілі здольнасць рухацца, нельга параўнаць з аніякімі нормамі жыцця. Перажыць усё гэта і прапусціць праз сваё сэрца няпроста, асабліва калі гэта датычылася дзяцей.
Марыя Уладзіміраўна нагадала пра тое, што 2022 быў аб’яўлены Годам гістарычнай памяці невыпадкова: мы павінны ведаць усю праўду пра сваё мінулае. Генпракуратура шукае новыя факты генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у бібліятэкі паступаюць новыя кнігі — і іх немагчыма без хвалявання чытаць. За кожным радком — людскі боль і горкая памяць. «Мы павінны шанаваць мір. Гэта нашы дзяды і прадзеды яго заваявалі», — сказала навуковы супрацоўнік музея.
Выконваючы абавязкі пракурора Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын у сваім выступленні надаў належную ўвагу мерапрыемствам такога кшталту. На сустрэчы запрашаецца маладое пакаленне, якое павінна ведаць пра гады ваеннага ліхалецця. «Наша задача — не дапусціць паўтарэння гэтай страшэннай вайны», — заклікаў прамоўца.
Да дробязей імкнуўся нагадаць пра далёкі ваенны час малалетні вязень фашызму, жыхар г.п. Карэлічы Глеб Крышэнь, калі яго бацькі працавалі на прымусовых работах у Германіі. Глеб Аляксандравіч паведаміў і пра Дзень Перамогі, пасляваеннае жыццё, свой жыццёвы шлях.
«Дзякуй за Вашу памяць. Пакуль будуць жыць ветэраны, будуць іх ушаноўваць, будзе мір на зямлі. Тая памяць, якая павінна жыць, яна жыве і будзе жыць», — сказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш. Яна прывяла прыклады са свайго жыцця: нагадала пра сваяка, які ўсё жыццё пражыў за мяжой, а на схіле гадоў вярнуўся на малую радзіму. Успомніла пра вязня фашысцкага канцлагера, да якой наведваліся падчас вучобы ў Жухавіцкай сярэдняй школе. Гэтыя два эпізоды з жыцця ўскалыхваюць памяць кіраўніка дзяржаўнай установы, а ў штодзённых зносінах з ветэранамі вайны і працы яна імкнецца быць нераўнадушнай да іх запытаў і дапамагае вырашаць іх.
Завяршылася дыялогавая пляцоўка экскурсіяй — знаёмствам з экспазіцыяй раённага краязнаўчага музея.






















Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ