Трактарыст-машыніст СВК “Маяк-Заполле” Мікалай Сялецкі Указам Прэзідэнта Беларусі ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”

27 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ, згодна з якім 23 чалавекі ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Сярод узнагароджаных — трактарыст-машыніст СВК “Маяк-Заполле” Мікалай Сялецкі.

Пра сябе Мікалай Сяргеевіч кажа, што не можа сядзець склаўшы рукі. У мужчыны за плячыма 39 гадоў жніва. Сёлетні сезон будзе юбілейным.

Даведаўшыся аб высокай узнагародзе, трактарыст сціпла ўсміхаецца і прызнаецца, што заўжды прыемна, калі тваё старанне ацэньваюць:

— Калі атрымліваеш узнагароду, спачатку вельмі хвалюешся. Па целе дрыжыкі бягуць. Але прыемна стаяць на сцэне, атрымліваць узнагароду, ведаць, што твае намаганні не засталіся незаўважанымі.

Мікалай Сяргеевіч гаворыць, што плануе працаваць, пакуль ёсць сілы. Без працы, прызнаецца, цяжка жыць.

 

Сяргей СТОЛЯР