Алег Сазановіч на працягу дзевяці гадоў служыў у ваенным камісарыяце Карэліцкага раёна

Ваенны камісарчалавек, які па доўгу службы сустракаецца з будучымі абаронцамі Радзімы. На вачах ваенкамаў расце маладое папаўненне. Розніцу паміж юнаком, які ўпершыню пераступіў парог ваенкамата, і тым, хто прыйшоў дамоў пасля тэрміну службы, адным з першых заўважае ваенны камісар. Алег Сазановіч на працягу дзевяці гадоў служыў у ваенным камісарыяце Карэліцкага раёна, затым стаў начальнікам адасобленай групы ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, дзе адслужыў яшчэ тры гады. За гэты час перад яго вачыма прайшлі сотні навабранцаў.

Алег Пятровіч расказвае, што службу пачаў у 1990 годзе. Спачатку юнака прызвалі на тэрміновую службу, пасля якой ён паступіў у Ламаносаўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча, што знаходзіцца недалёка ад Піцера, якое скончыў у 1994 годзе. Пасля чаго яму прысвоілі званне лейтэнанта і накіравалі ў распараджэнне Міністра абароны Рэспублікі Беларусь. Малады лейтэнант трапіў у авіяцыю, з 1994 па 2004 гады служыў на 181-й верталётнай базе ў горадзе Пружаны. Спачатку тэхнікам, працаваў з засакрэчанай апаратурай сувязі. Затым перайшоў у ТЭЧ (тэхніка-эксплуатацыйная частка), дзе займаліся абслугоўваннем верталётаў. Наступным крокам быў пераход у эскадрыллю па падрыхтоўцы да палётаў.

— Я заўжды быў на добрым рахунку, мне заўсёды шанцавала з камандзірамі і калектывам, — кажа Алег Пятровіч. — У студзені 2005 года я перавёўся ў ваенны камісарыят, дзе адслужыў да 2017 года. Калі пераводзіўся з часці ў ваенкамат, то мяне не хацелі адпускаць.

— За час службы ў камісарыяце Вам давялося прызваць мноства юнакоў. Як прызыўнікі адносяцца да тэрміновай службы?

— Напачатку мала хто мае жаданне ісці служыць, але калі вяртаюцца, то прыходзяць і дзякуюць. Нават зараз, нягледзячы на тое, што я на пенсіі, сустракаю прызыўнікоў, якія кажуць дзякуй. Хлопцы самі разумеюць, што неабходна адслужыць, і лепш ісці служыць са сваімі равеснікамі. Армія — добрая школа жыцця, якая вучыць важным рэчам.

— У арміі шмат увагі надаецца ідэалагічнаму выхаванню. Як, на Ваш погляд, выхаваць патрыёта?

— У першую чаргу ўсё залежыць ад сям’і. Ад таго, як адносяцца да Радзімы родныя і блізкія людзі, залежыць і тое, як будуць адносіцца да яе дзеці. Вельмі правільна сказаў наш Прэзідэнт, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт.

— Мы жывём у неспакойны час, калі на тэрыторыі суседняй краіны адбываецца ваенны канфлікт. Якая задача стаіць перад ваеннымі ў гэты час?

— Перад беларускімі вайскоўцамі заўжды стаяла адна задача — захаваць мір на роднай зямлі. А для гэтага патрэбна моцная армія, якая здолее зрабіць усё, каб не загінулі мірныя жыхары.

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара