Калі скласці агульны працоўны стаж усіх работнікаў КСУП “Малюшычы” з сем’яў Гіз і Саладуха, атрымаецца амаль два стагоддзі
У мінулым многія прафесіі перадаваліся па спадчыне, ад бацькі да сына, што было нядзіўна — хлопчык, які выхоўваецца ў сям’і ганчара, з дзяцінства вучыўся працаваць з глінай. У наш час працоўныя дынастыі паступова сыходзяць у мінулае, дзеці займаюцца тым, што ім па душы, і нячаста азіраюцца на прафесію сваіх бацькоў. Яшчэ менш працоўных дынастый застаецца ў вёсцы, моладзь часцей з’язджае жыць у горад. Таму асабліва цэняцца працоўныя дынастыі, якія засталіся ў вёсцы.
Калі скласці агульны працоўны стаж усіх работнікаў КСУП “Малюшычы” з сем’яў Гіз і Саладуха, атрымаецца амаль два стагоддзі! Старэйшына роду Аляксандр Фёдаравіч Гіз прыйшоў у калгас імя Калініна ў 1971 годзе. З гэтай пары і да самай пенсіі мужчына 38 гадоў быў жывёлаводам.
— Цяжка раней было працаваць, — успамінае Аляксандр Фёдаравіч. — Трэба было прачнуцца рана, накасіць воз травы, прывезці і раздаць. Пасля абеду зноў воз. Касілі касой! А даяркі як працавалі! Усё на сабе цягалі: бідоны з малаком, муку.
З Аляксандрам Фёдаравічам згаджаецца яго свацця Тамара Уладзіміраўна Саладуха. Жанчына ўспамінае, што з самай раніцы ішла на працу, а яе сыны заставаліся дома адны. Хлапчукі самастойна рыхтавалі сняданак, дамашнюю работу:
— Іх удваіх пакіну ў 4 гадзіны раніцы, і ўсе — мы з’ехалі. Прыеду — яны бліноў і каўбасы насмажаць, самі паснедаюць, бабулю пакормяць (яна прыходзіла да нас карову даіць, калі я сама не паспявала). Усё ўмелі рабіць. Працавалі разам з намі, чым маглі, тым і дапамагалі і на ферме, і дома.
Сама Тамара Уладзіміраўна прыйшла ў калгас у 1981 годзе. Усё жыццё шчыравала цялятніцай. Жанчыну неаднаразова ўзнагароджвалі за працоўныя дасягненні, яна заўсёды была ў ліку перадавікоў, бо яе гадаванцы мелі добрыя прывагі. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ некалькі гадоў па просьбе старшыні працавала на ферме. І цяпер, прызнаецца Тамара Уладзіміраўна, яе часта клічуць на дапамогу. І жанчына дапамагае калі не справай, то парадай. Разам з ёй у жывёлагадоўлі рупіўся і яе муж Аляксандр Аляксандравіч. Пра сваё знаёмства Саладухі кажуць, што, мабыць, іх звёў лёс, а ад яго, як вядома, нікуды не дзецца.
— Мы ў школе ў паралельных класах вучыліся, але не сябравалі, — успамінае Тамара Уладзіміраўна. — Потым ён у армію пайшоў, а пасля вяртання мы сустрэліся ў клубе. Проста як аднакласнікі. Разгаварыліся і адчулі сімпатыю. У 1977 годзе ўзялі шлюб. 46 гадоў разам і ў горы, і ў радасці.
У Тамары Уладзіміраўны і Аляксандра Аляксандравіча нарадзіліся двое сыноў Алег і Аляксандр. Абодва засталіся працаваць у роднай гаспадарцы. Аляксандр уладкаваўся трактарыстам-машыністам, Алег — вадзіцелем. Любоў да працы, перанятая ў бацькоў, дапамагла дасягнуць поспехаў. Алег Аляксандравіч, як і яго мама, у ліку перадавікоў прадпрыемства і раёна, заўсёды першы тысячнік па перавозцы збожжа і рапсу.
Алег вучыўся ў адной школе з Марынай Гіз, дачкой Аляксандра Фёдаравіча. Маладыя стварылі сваю сям’ю і засталіся жыць і працаваць у Малюшычах.
— Мы вучыліся ў розных класах, бо Марына нарадзілася восенню. Але ў школе вельмі добра сябравалі, — распавядае Алег Аляксандравіч.
— Шмат успамінаў са школьных часоў, — дадае Марына Аляксандраўна. — Мы хадзілі ў паходы, займаліся спортам, разам бавілі час. Вельмі цікава было.
Сваю любоў да спорту Марына і Алег захавалі і па гэты дзень. Яна гуляе валейбол, ён прымае ўдзел у раённых спаборніцтвах па перацягванні каната. Сям’я, як кажуць, лёгкая на пад’ём.
— Часам з-за працы не атрымліваецца прымаць удзел у турзлётах, але вельмі хочацца паехаць, — прызнаецца Алег Аляксандравіч.
У сям’і Алега і Марыны дзве дачкі. Старэйшая Юля працуе ў краме, малодшая Паліна вучыцца ў БДПУ імя Максіма Танка на псіхолага.
Брат Марыны Аляксандр Гіз таксама застаўся на малой радзіме, з 1996 года — трактарыст-машыніст. Аляксандра ведаюць як перадавіка, але ён сціпла кажа, што не гоніцца за лічбамі, а сумленна працуе. Галоўнае для яго цяпер — сям’я, дзве любімыя дачкі. Малодшая Валерыя вучыцца ў 11 класе, а старэйшая Яна працягвае сямейную дынастыю працаўнікоў вёскі: у КСУП “Малюшычы” займае пасаду тэхніка-будаўніка.
Яна засталася працаваць у гаспадарцы пасля абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні. Дзяўчына прызнаецца, што месца працы выбірала свядома, уважліва ўзважыўшы ўсе “за” і “супраць”:
— Тэхнік-будаўнік павінен быць адказным і ўважлівым. Вельмі важна быць камунікабельным і ўстойлівым да стрэсаў.
Дзяўчына кажа, што працаваць ёй вельмі падабаецца, але ёй хочацца атрымаць дадатковую адукацыю, каб пашырыць свае магчымасці.
Сем’і Саладуха і Гіз часта збіраюцца за святочным сталом. Кажуць, што такія сустрэчы праходзяць у сяброўскай, вясёлай атмасферы. На пытанне, што дапамагае жыць з пазітывам, старэйшае пакаленне адказвае проста:
— Праца. Калі працуеш, адчуваеш сябе жывым. Калі ляжыш без справы — гэта ўжо хвароба. Улетку хапае працы: то агарод, то кветкі, то бульба. Зусім іншае жыццё. А вось зімой без працы цяжка. Сядзіш — месца сабе не знаходзіш.
Любоў да працы члены сям’і перадаюць з пакалення ў пакаленне. Застаецца спадзявацца, што працоўная дынастыя рупліўцаў сяла не перарвецца, а будзе толькі памнажацца.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі