В Кореличском районе благоустроили пляж у озера Юбилейное
Вось-вось наступіць каляндарнае лета. Разам з цёплымі дзянькамі і адпачынкам пачнецца купальны сезон, калі людзі паедуць бліжэй да вады. Перад пачаткам сезона пагаварылі са старшынёй Карэліцкай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Аляксандрам Кандрусікам.
— Аляксандр Яўгенавіч, раскажыце, якія меры для папярэджання гібелі людзей на вадзе прымаюцца на ўзроўні райвыканкама?
— Работа накіравана ў першую чаргу на прафілактыку няшчасных выпадкаў на вадзе. Ва ўсіх навучальных установах створаны пярвічныя арганізацыі таварыства выратавання на вадзе. Сёння ў раёне функцыянуе 51 пярвічная арганізацыя. У арганізацыях і на прадпрыемствах, у навучальных установах абсталяваны куткі, дзе з дапамогай ілюстрацыйнага матэрыяла распавядаецца аб бяспечным адпачынку на вадзе і прыёмах аказання даўрачэбнай медыцынскай дапамогі.
— Дзе ў Карэліцкім раёне дазволена купанне?
— Для масавага адпачынку грамадзян абсталяваны пляж на возеры Юбілейнае ў райцэнтры. На ім створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага адпачынку грамадзян, ёсць неабходны інвентар, працуе выратавальны пост. Завершаны работы па добраўпарадкаванні пляжа, заменены ценявыя навесы, адрамантавана дзіцячая купальня, на пляж завезлі свежы пясок. На астатніх вадаёмах раёна купацца нельга. На іх павінны быць устаноўлены папераджальныя шчыты «Купанне забаронена». У ходзе прафілактычных рэйдаў было ўстаноўлена, што забараняльныя знакі ў асобных сельсаветах былі ўсталяваныя фармальна, г. зн. на шчыт быў прымацаваны файл з укладзенай паперай. Такія шыльды неабходна замяніць.
— Якая сітуацыя з няшчаснымі выпадкамі на вадзе?
— На жаль, паводле звестак на 2 мая 2023 года, адзначаецца рост гібелі ад утаплення ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Брэсцкай вобласці і г. Мінска, у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 г. У рэспубліцы пры розных абставінах загінула 103 чалавекі, з іх чацвёра непаўналетніх. Выратавана 54 чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх. Штогод пры надыходзе купальнага сезона фіксуецца рост інцыдэнтаў, звязаных з гібеллю і выратаваннем грамадзян на вадзе. Так, у 2022 годзе ў краіне загінула 390 чалавек, з іх — 26 непаўналетніх.
— Што трэба памятаць, каб пазбегнуць няшчасця на вадзе?
— Варта памятаць, што купацца можна толькі ў дазволеных месцах; нельга ныраць у незнаёмых або малавывучаных месцах — на дне могуць апынуцца прытопленыя бярвёны, камяні, карчы; нельга чапляцца за лодкі, залазіць на буйкі і заплываць за іх. Калі вы апынуліся ў вадзе на моцнай плыні, не трэба спрабаваць плыць насустрач цячэнню. Варта плыць па плыні, але так, каб паступова набліжацца да берага. Не варта купацца пры хваробах, павышанай тэмпературы, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення. Калі ў вас звяло сутаргай мышцы, неабходна іх расцерці. Не варта саромецца клікаць на дапамогу, аднак нельга падаваць ілжывыя сігналы трывогі. Бацькі абавязаны памятаць, што ім нельга пакідаць сваіх дзяцей без нагляду. Дзецям нельга не толькі купацца, але і знаходзіцца паблізу вадаёма без нагляду бацькоў. Не варта пакідаць малых пад наглядам незнаёмых людзей. Неабходна растлумачыць дзецям, што на вадзе катэгарычна забаронены гульні, падчас якіх трэба захопліваць і тапіць іншых. Таксама нельга ныраць, каб схапіць кагосьці за ногі — спалоханы чалавек можа неспадзявана нанесці жартаўніку траўму. Важна памятаць, што перапынак паміж прыёмам ежы і купаннем павінен быць не менш за 40 хвілін.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара