Расказваем аб новых напрамках развіцця Карэліцкага ўчастка Слонімскага занальнага вузла электрасувязi Гродзенскага фiлiяла «Белтэлекам»

Разам з вясною мы сустракаем майскія святы і прафесійнае свята сувязістаў — Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

XIX стагоддзе шчодра адарыла чалавецтва вынаходніцтвамі і адкрыццямі ў вобласці камунікацый. У 1832 годзе Павел Львовіч Шылінг стварыў электрамагнітны тэлеграф, у 1876 годзе Аляксандр Бэл вынайшаў тэлефон, а 7 мая 1895 года Аляксандр Сцяпанавіч Папоў у Пецярбургу публічна прадэманстраваў перадачу і прыём электрычных сігналаў па радыё, паклаўшы пачатак развіццю бесправадной сувязі, якая стала асновай усіх найноўшых тэхналогій. Сёння нашае інфармацыйна насычанае жыццё немагчыма ўявіць без сучасных сродкаў камунікацыі для эфектыўнага кіравання, зносін, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця чалавека.

Стабільная работа, выкананне сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, прадастаўленне новых сучасных паслуг, мадэрнізацыя — так коратка можна ахарактарызаваць працу Карэліцкага ўчастка Слонімскага занальнага вузла электрасувязi Гродзенскага фiлiяла «Белтэлекам».

Напярэдаднi прафесiйнага свята аб новых напрамках развіцця кампаніі расказаў начальнік Слонімскага занальнага вузла электрасувязі Ігар Уладзіміравіч Бялоў.

Відэакантроль

Інавацыі — залог паспяховага развіцця для любой кампаніі. Адным з лепшых інавацыйных праектаў можна назваць паслугу «Відэакантроль», якая ўяўляе сабой зручны спосаб забеспячэння бяспекі і аддаленага кантролю за любымі аб’ектамі, няхай гэта будзе шматкватэрны альбо прыватны дом ці прамысловае прадпрыемства.

Варта адзначыць, што сярод насельніцтва Карэліцкага раёна і другіх рэгіёнаў Слонімскага ЗВЭС магчымасці паслугі «Відэакантроль» ацанілі больш за тысячу жыхароў. Кожнаму жыхару не абыякава, што адбываецца ў пад’ездзе. Кожны з бацькоў хоча быць спакойным за сваё дзіця на дзіцячай пляцоўцы. Кожны аўтаўладальнік хоча быць упэўнены ў цэласці і захаванасці аўтамабіля на паркоўцы.

Выгадныя пакупкі з «Белтэлекам»

У 2021 годзе «Белтэлекам» упершыню прапанаваў сваім абанентам набыць тэхніку на выгадных умовах — у растэрміноўку на 24 месяцы. У сервісных цэнтрах ужо прадаюцца тэлевізары, робаты-пыласосы, планшэты, ноўтбукі, смартфоны, роўтэры, аўдыёсістэмы, электравеласіпеды, электрасамакаты і многае іншае. Сёння кампанія бярэ курс на развiццё напрамку рознічных продажаў і якаснае пашырэнне асартыменту.

Галоўная  каштоўнасць кампаніі

Для паспяховага працвітання бізнесу неабходна эфектыўная і зладжаная работа ўсяго калектыву. Па вынiках працы падзякай дырэктара Гродзенскага філіяла «Белтэлекам» адзначаны электрамеханік сувязі Карэліцкага вузла электрасувязі Сяргей Георгiевiч Станкевіч. На працягу 20 гадоў працуюць у калектыве Карэлiцкага ўчастка электрасувязі вядучы інжынер лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Аляксандр Аляксандравіч Куляка, электрамеханік сувязі Сяргей Яўгенавіч Толмач, вадзіцель аўтамабіля Дубень Леанід Аляксандравіч.

Дзякуючы прафесіяналізму і працаздольнасцi кожнага супрацоўніка прадпрыемства мае эфектыўныя вынікі працы, поспех новых праектаў і задаволенасць кліентаў.

 

У дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі работнiкi кампанii «Белтэлекам» удзячны кліентам i партнёрам за плённае супрацоўніцтва,  давер і падтрымку.

Прыемна ўсведамляць, што ў сферы сувязі працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, людзі энергічныя і таленавітыя, якія шчыра любяць сваю справу. Жадаем усім работнікам сувязі новых цікавых праектаў і творчых перамог, моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, сямейнага цяпла і ўтульнасці, дабрабыту і ўсяго самага добрага!

Прыміце словы падзякі і віншаванні ад сувязістаў з вялікім святам — Днём Перамогі! Няхай памяць аб подзвігу нашага народа заўсёды жыве ў добрых справах, дае сілы і мужнасць дастойна працягваць традыцыі бацькоў і дзядоў, памнажаць багацце роднай зямлі. Міру, радасці, моцнага здароўя і шчасця!

Сёння мы нізка схіляем галовы перад светлай памяццю загінулых, а сэрца напаўняецца гонарам за тых, хто абараніў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара