Яўгеній Бусько: «Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў пра тое, як атрымаць яшчэ большую аддачу ад сельскай гаспадаркі»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 красавіка наведаў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці і на падставе ўбачанага агучыў фактычна праграму далейшых дзеянняў для ўсёй краіны і звярнуўся, без перабольшання, да ўсіх нас:
— Захавайце краіну… А захаваць мы яе можам, толькі калі напружыцца ўсім светам і вырашыць праблемы. Трэба, каб кожны на сваім кавалачку рабіў сваю справу, — і будзе вынік. Трэба ўзмацніць гэтыя тэмпы: дзе ішлі, там бегчы трэба, дзе беглі — яшчэ хутчэй бегчы. Давайце збяромся і дзе толькі можна нешта зробім.
— Наш Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў пра тое, як атрымаць яшчэ большую аддачу ад сельскай гаспадаркі, — гаворыць першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько.
— Вытворчасць малака — асноўная крыніца даходу нашых сельгаспрадпрыемстваў, таму перш за ўсё кіраўнік краіны пацікавіўся, ці запоўнены новыя і рэканструяваныя комплексы жывёлай і якія там надоі.
У СВК “Жухавічы” 29 снежня 2022 года ўведзена ў строй новая МТФ “Кожава” на 610 галоў дойнага статку. Сёння там утрымліваецца 521 галава, і, згодна з графікам, да канца бягучага года ферма будзе поўнасцю ўкамплектавана пагалоўем. За першы квартал ад кожнай каровы тут атрымана 1931 кг малака, для параўнання сярэднераённы паказчык складае 1726 кг, сярэднеабласны — 1692 кг. Чатыры гады таму на МТФ «Юравічы» ў СВК «Жухавічы» праведзены капітальны рамонт і заменена даільная зала. У выніку кожная карова за тры месяцы дала 2836 кг, што на 48 кг больш да аналагічнага перыяду мінулага года. Два гады таму МТФ «Лукі» КСУП «Лукі-Агра» таксама мадэрнізавалі, што стала драйверам росту вытворчасці. Так, за першы квартал атрымана 1530 кг малака ад каровы, што на 194 кг перавышае мінулагодні паказчык.
Залог добрых надояў — якасныя кармы, для вытворчасці якіх патрэбна надзейная сельгастэхніка. Тут важна па-гаспадарску, беражліва на ёй працаваць, своечасова рамантаваць і тады агрэгат праслужыць многія гады. У СВК “Свіцязянка-2003” трактар “Беларус МТЗ-82” сышоў з канвеера ў 1985 годзе — яму 38 гадоў! Гэта значыць, што наша тэхніка адрозніваецца высокай якасцю, але самае галоўнае — гэта, вядома, чалавек, які ёй кіруе. Любому, нават самаму дарагому агрэгату, патрэбныя беражлівы адносіны і своечасовы рамонт. З пачатку рамонтнага перыяду, з лістапада мінулага года, на рамонт сельгастэхнікі накіравана 4,1 млн рублёў. Аднаўленнем тэхнікі займаюцца спецыялісты як абласной сельгастэхнікі, так і раённай. Нескладаны рамонт рухавікоў, іншых вузлоў і агрэгатаў праводзіцца ў саміх гаспадарках механізатарамі і слесарамі.
Машынна-трактарны парк раёна пастаянна абнаўляецца. Так, КСУП “Племзавод «Карэлічы» днямі набыў новы МАЗ, а СВК «Свіцязянка-2003» — два новыя зернеўборачныя камбайны. Чатыры новыя трактары МТЗ выйдуць на палі КСВУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская», «Малюшычы» і КУСП «Чарняхоўскі-Агра».
Найважнейшая тэма — меліярацыя. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яе тэмпы трэба паскорыць, а запушчаных палёў быць не павінна. У бягучым годзе ў Карэліцкім раёне меліярацыя пройдзе на 1397,2 гекта-рах. Гэта ў два разы больш, чым у мінулым. Нядаўна завершаны работы на 122 га ў КУСП «Чарняхоўскі-Агра», якія засяваюцца пад пашу.
На Гомельшчыне адбылася вельмі сур’ёзная размова. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на пытаннях дысцыпліны, кадраў, адказнасці кожнага на сваім рабочым месцы. І сёння стаіць задача мабілізаваць усе сілы, вырашыць усе пытанні з пасяўной, збалансаваць усе рэсурсы, каб правесці яе ў тэрміны. Неабходна паглыбіцца кожнаму ў сваю вытворчасць і жорстка, выразна ўсё кантраляваць, каб дасягнуць запланаваных паказчыкаў.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара