Детский оздоровительный лагерь «Вясёлка» в Кореличском районе готов к приему детей
29 мая камісія па прыёмцы дзіцячага аздараўленчага лагера “Вясёлка” наведала тэрыторыю лагера. Па выніках праверкі члены камісіі вынеслі вердыкт, што ўсе домікі, будынак сталовай, клуб, летняя эстрада і санітарныя вузлы прыведзены ў парадак у адпаведнасці з патрабаваннямі.
Камісію па прыёмцы дзіцячага аздараўленчага лагера “Вясёлка” ўзначаліў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан. У яе ўвайшлі спецыялісты ўпраўлення адукацыі, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама прадстаўнікі іншых адказных службаў раёна.
Правяраючыя агледзелі харчаблок, падвальнае памяшканне, у якім быў зроблены якасны рамонт і ўстаноўлена сістэма ахалоджвання, домікі для пражывання, адміністратыўныя карпусы, зазірнулі ў медыцынскі блок, ацанілі спраўнасць абсталявання і спартыўнага інвентара. Адзначылі творчы падыход да афармлення “Вясёлкі”. Сёлета арганізацыі пры падрыхтоўцы адведзенай ім тэрыторыі ўстанавілі малыя архітэктурныя формы: з’явіліся бусел, вожык, калодзеж, а некаторыя высадзілі кветкі-мнагалетнікі і туі.
Члены камісіі па прыёмцы ставяць подпісы ў неабходных дакументах. Лагер гатовы да сезона. Але ўсё ж такі чагосьці не хапае. Дзіцячага смеху! Але і гэта хутка будзе выпраўлена.
Першых сваіх наведвальнікаў летнік прыме 11 чэрвеня, і працягвацца змена будзе да 28 чэрвеня (спартыўна-аздараўленчая), другая змена – з 2 ліпеня па 19 ліпеня (па асновах бяспекі жыццядзейнасці), трэцяя – з 23 ліпеня па 8 жніўня (грамадзянска-патрыятычная і лідарскі састаў).
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара