В СПК «Жуховичи» скосили 34% трав
На Карэліччыне працягваецца ўборка траў першага ўкосу.
У СВК “Жухавічы” ўтрымліваецца 1730 галоў дойнага статка. Каб забяспечыць жывёлу кармамі на будучую зімоўку, неабходна загадзя думаць пра добрыя травы. І зараз аграрыі спяшаюцца, каб своечасова ўбраць ураджай. З задачай на прадпрыемствах спраўляюцца. «Жухавічы» — сярод лідараў па тэмпах касьбы. Тут скасілі 34% траў.
Падчас першага ўкосу ў “Жухавічах” плануюць убраць 2410 га траў. На сённяшні дзень работнікі скасілі ўжо 810 га. На прадпрыемстве заклалі амаль пяць тысяч тон сенажу. Па словах намесніка старшыні Міхаіла Штыцько, скончаны работы па закладцы сенажу на МТК «Вялікія Жухавічы», дзе было нарыхтавана 3200 тон. Яшчэ каля 1800 тон заклалі на комплексе «Пясочная». Па аб’ёмах нарыхтоўкі сенажу прадпрыемства займае другое месца ў раёне.
— Да канца сезона плануем закласці 32 тысячы тон сенажу і 34 тысячы тон сіласу, — дзеліцца планамі Міхаіл Міхайлавіч. — Трэба, каб выйшла 25 ц кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву. Гэта мінімум. Мы будзем старацца, каб атрымалася больш.
Міхаіл Штыцько кажа, што першы ўкос плануюць завяршыць у чэрвені, аднак, калі будзе стаяць такое надвор’е, то ўборку завершаць раней:
— Калі не будзе дажджу, то ўсё пачне выгараць. Шматгадовыя травы, да прыкладу, ужо дзе-нідзе пачалі сохнуць, асабліва на ўзгорках.
Міхаіл Міхайлавіч упэўнены, што высокіх паказчыкаў па тэмпах уборкі траў прадпрыемства дасягнула выключна дзякуючы шчырай працы яго работнікаў. Сёння на касавіцы задзейнічана 24 чалавекі. Кожны з іх ведае сваю задачу і імкнецца зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб нарыхтаваць якасны корм для жывёлы. І кіраўніцтва гаспадаркі робіць усё, каб праца земляробаў была дастойна ацэнена. На касавіцы аграрыі зарабляюць ад ста да двухсот рублёў у дзень, у залежнасці ад тыпу тэхнікі.
На полі недалёка ад вёскі Церабостынь кіпіць праца. Тры камбайна падбіраюць складзеную ў валкі зялёную масу. Побач з імі, падладжваючыся пад рух, калясяць машыны, якія адвозяць траву да месца закладкі ў траншэю. Паміж валкамі, як кантралёры, важна ходзяць звыклыя да шуму машын буслы.
За рулём аднаго з падборшчыкаў працуе Аляксандр Знайдзён. Мужчына шчыруе на прадпрыемстве з 2007 года. Цяпер яму дастаўся новы камбайн «Lexion Jaguar 870» 2021 года выпуску.
— Тэхніка новая, добрая, працаваць на ёй прыемна, — кажа механізатар.
Работнікі СВК упэўнены, што кампанія па нарыхтоўцы траў пройдзе ў аптымальныя тэрміны. Для гэтага імі робіцца ўсё неабходнае.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара