Генадзій Шатуеў: «Свята Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – гэта свята горычы за страты мільёнаў нявінных жыццяў і радасці Вялікай Перамогі»

5 мая ў г.п Мір адбыўся мітынг, прысвечаны 78-й гадавіне Вялікай Перамогі. На ім сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, духавенства, педагогі і навучэнцы ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай”, ДУ “Мірскі дзяржаўны каледж”, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Данілавіч Буй.
Са словамі віншавання выступіў  Генадзій Шатуеў:
– Свята Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – гэта свята горычы за страты мільёнаў нявінных жыццяў і радасці Вялікай Перамогі. Памяць аб подзвігу вызваліцеляў па-ранейшаму жывая. А разам з ёй жыве і праўда пра Вялікую Айчынную вайну, гісторыю якой усё больш настойліва імкнуцца перапісаць на Захадзе ва ўгоду палітычнай кан’юнктуры.
Генадзій Мікалаевіч заклікаў перадаць будучым пакаленням разуменне таго, што толькі адзінства, вера ў сябе і сапраўдная любоў да Радзімы з’яўляюцца надзейнай абаронай ад любой пагрозы. Ён таксама адзначыў, што мір – гэта найважнейшая і найгалоўнейшая каштоўнасць чалавецтва, а міратворчасць адлюстроўвае самыя лепшыя чалавечыя пачуцці і памкненні.


Старшыня Мірскага сельвыканкама Аляксандр Маркевіч павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым святам і сказаў:
– З кожным годам усё менш і менш застается тых, хто за зброяй у руках і ў тыле каля станка адстойваў наша права на жыццё. Таму яшчэ мацнейшай павінна быць наша памяць аб тых, хто загінуў, адстойваючы Радзіму, і тых, каму ўдалося выжыць у вайне. Чым далей сыходзіць ад нас Пераможны май 1945 года, тым больш значным паўстае перад намі гэта гістарычная падзея. Гэта сапраўды свята са слязамі на вачах.


На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі песні ваенных гадоў у выкананні работнікаў Мірскага Дома культуры, а таксама вучняў школы гарадскога пасёлка. Мітынг закончыўся хвілінай маўчання.


Святочныя дзеянні працягнуліся каля мемарыяла ў гонар загінулых, дзе настаяцель храма Святой Жываначальнай Троіцы іерэй Фёдар Лукашэвіч адслужыў малебен.
Пасля па традыцыі да падножжа манумента былі ўскладзены вянкі і кветкі.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара