Почтальон Кореличского РУПС Александр Конон рассказывает о тонкостях профессии
Нягледзячы на тое, што электронныя пісьмы ўсё часцей замяняюць папяровыя, а электронныя сродкі сувязі становяцца ўсё больш папулярнымі, паштальён – жаданы госць у кожным доме. У вёсцы ён раскажа пра навіны і падзеі, даставіць карэспандэнцыю і тавары, пацікавіцца справамі, прынясе пенсію і прыме аплату камунальных плацяжоў.
Карэліцкі ўчастак Лідскага рэгіянальнага вузла сувязі аб’ядноўвае адно гарадское і 15 вясковых аддзяленняў паштовай сувязі. Усе абсталяваны адмысловымі камп’ютарнымі сістэмамі, а насельніцтву аказваецца нямала карысных паслуг.
– Сёння людзі ідуць на пошту не толькі, каб набыць перыёдыку, але і каб купіць неабходныя спажывецкія тавары, заказаць вялікагабарытныя (халадзільнікі, пральныя машыны, мэблю і іншае). Прычым апошнія будуць дастаўлены бясплатна. Таму сярэднямесячны тавараабарот па нашым вузле паштовай сувязі складае 60 тысяч рублёў, – дзеліцца поспехамі начальнік РВПС Таццяна Самец. – У адпаведнасці з патрабаваннямі часу аддзяленне сувязі развівае свае паслугі. Сёння ўсе паштальёны аснашчаны АПК “Мабільны паштальён”, які дазваляе прыём паслуг з дапамогай АІС “Разлік”, ажыццяўляе разлікі ў сістэме “АРІП” і аплату іншых відаў паслуг як за наяўныя грашовыя сродкі, так і банкаўскай плацёжнай карткай.
Забяспечваюць паштовую сувязь раёна 45 высокакваліфікаваных і адказных работнікаў.
Аляксандр Конан – жыхар г.п. Карэлічы. Адразу пасля арміі працаваў будаўніком у Мінску, потым вярнуўся ў родны пасёлак і некаторы час быў вадзіцелем ветстанцыі, на пошту ўладкоўваўся таксама вадзіцелем, а праз некаторы час прапанавалі стаць яшчэ і паштальёнам. Зараз ён не толькі развозіць вяскоўцам газеты і пісьмы, але і прымае ўсе віды плацяжоў: за камунальныя паслугі, мабільныя тэлефоны, электраэнергію, а таксама рэалізуе тавары. І з усім паспяхова спраўляецца. Ведае ўсіх людзей у вёсках, якія абслугоўвае, як быццам нарадзіўся і вырас у гэтых месцах. За дзевяць гадоў працы ў РВПС мае толькі падзякі ад кліентаў, калег па працы і кіраўніцтва.
Працоўны дзень Аляксандра пачынаецца ў восем гадзін раніцы, калі ён выязджае з гаража і едзе на ўчастак апрацоўкі і абмену пошты, а потым – па сваім звыклым маршруце, у які ўваходзіць дваццаць дзевяць вёсак Цырынскага і Райцаўскага сельскіх Саветаў. У галаве маладога паштальёна, як у камп’ютары, усё схоплена: дзе спыніцца, каму ў дом газету аднесці, хто рабіў заказ на свежыя пернікі, хто – на мяшок камбікорму…
– Праца ў мяне цікавая, – прызнаецца Аляксандр. – Людзі да мяне прывыклі, некаторыя нават на гарбату запрашаюць, але даводзіцца адмаўляцца — я ж на працы і трэба прытрымлівацца распарадку і дысцыпліны. Ды і часу няма, бо справа перш за ўсё. Бабулькі вельмі чуллівыя, часам цукеркамі частуюць. Галоўная мая задача – быць надзейным злучальным звяном для жыхароў. Пошта, маючы шырокі спектр паслуг, з’яўляецца сродкам камунікацыі, якая, нягледзячы на ўсе дасягненні тэхнічнага прагрэсу, запатрабавана жыхарамі і працягвае заставацца масавым і даступным сродкам сувязі. Нягледзячы на развіццё лічбавых тэхналогій, людзі выпісваюць газеты і часопісы. Многія па-ранейшаму пішуць пісьмы і адпраўляюць паштоўкі, а я, спадзяюся, заўсёды быў і застануся доўгачаканым госцем у кожным доме, – заключае Аляксандр Георгіевіч.
А яшчэ мы даведаліся, што Аляксандр добры бацька і сем’янін. У яго цудоўная жонка Алена, якая працуе сакратаром у СШ № 1 райцэнтра. А ў дружнай сям’і, дзе пануюць любоў, павага і паразуменне, выхоўваюцца дзеткі: адзінаццацігадовая дачка Сафія і шасцігадовы Іван.
Дарма кажуць, што моладзь у маленькіх населеных пунктах не прыжываецца. Калі ёсць дом, сям’я і любімая работа, па гарадскім жыцці ніхто не сумуе.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара