Кореличские школьники сдали первый централизованный экзамен

ЦЭ — першае выпрабаванне для выпускнікоў, якія сабраліся паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Усяго адзінаццацікласнікам трэба будзе здаць два экзамены: 14 мая па рускай або беларускай мове, а праз тыдзень пройдзе экзамен на выбар. Таксама Міністэрствам адукацыі зацверджаны рэзервовыя дні, калі здаць экзамены змогуць тыя, хто не змог прыняць удзел у цэнтралізаваным экзамене ва ўстаноўленыя даты па ўважлівай прычыне. Рэзервовымі днямі для здачы беларускай і рускай моў стануць 23 мая і 21 жніўня, для прадметаў па выбары — 25 мая і 23 жніўня.

Юныя карэліччане здавалі экзамен на базе СШ №1 райцэнтра. За дастаўку сваіх вучняў на пункт здачы ЦЭ адказвала кожная школа. Таксама ад кожнай установы адукацыі прысутнічаў педагог, які суправаджаў дзяцей на экзамен. Перад пачаткам экзамену будучым выпускнікам неабходна было прад’явіць пашпарт і спецыяльны пропуск, прайсці жараб’ёўку, з дапамогай якой кожнаму было вызначана месца за партай у класе. У кожным кабінеце, дзе праходзілі экзамены, была пітная вада. Здавалі экзамен 68 юных карэліччан. 39 з іх выбралі для здачы беларускую мову, 29 — рускую.

Пасля заканчэння экзамена юнакі і дзяўчаты бурна абмяркоўвалі заданні. Адзінаццацікласнікі прызнаюцца, што пытанні былі нескладанымі.

Вучаніца Лукскай СШ Яна Белавус кажа, што да экзамена па беларускай мове рыхтавалася сама. Дзяўчына ўпэўнена, што атрыманых за гады вучобы ведаў ёй хопіць, каб паступіць у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на правазнаўства. Заданні на цэнтралізаваным экзамене здаліся дзяўчыне лёгкімі, адпаведнымі базаваму курсу школы, аднак Яна хвалявалася перад іспытам, таму што ёй і яе аднагодкам выпаў гонар упершыню здаваць ЦЭ. Праз тыдзень дзяўчына будзе здаваць грамадазнаўства.

З Янай згаджаецца і вучаніца Цырынскай СШ Анастасія Кобрына. Дзяўчына кажа, што заданні былі лягчэй, чым яна чакала, таму з экзаменам яна справілася лёгка.

Будучая выпускніца СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай Ангеліна Стэльмах, якая заняла трэцяе месца ва ўнутрывузаўскай алімпіядзе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па біялогіі і ўжо з’яўляецца яго студэнткай, прызнаецца, што да цэнтралізаванага экзамена рыхтавалася сама. Па словах дзяўчыны, заданні былі нескладанымі.

Сама рыхтавалася да іспыту і аднакласніца Ангеліны Яна Філончык. Уладальніца трэцяга месца абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры прызнаецца, што заданні на ЦЭ былі падобныя на тыя, якія яна выконвала на рэпетыцыйным экзамене, таму падрыхтавацца да сённяшняга выпрабавання было нескладана.

Інфармацыю аб выніках ЦЭ можна будзе атрымаць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Цэнтралізаваны экзамен будзе лічыцца пройдзеным, калі вынік будзе вышэй за нуль. Сертыфікаты ЦЭ школьнікі атрымаюць ва ўрачыстай абстаноўцы на школьных выпускных вечарах разам з атэстатамі аб агульнай сярэдняй адукацыі.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

1